Старонка:Домбі і сын.pdf/361

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Фларэнс расказала і гэту гісторыю, і ўсё, звязанае з ёй, аж да сяброўства з містэрам Тутсам, гаворачы пра якога, яна, не зважаючы на сваё гора, мімаволі ўсміхалася праз слёзы, хоць была яму вельмі ўдзячна. Калі яна скончыла свой расказ, выслуханы Эдзіт з напружанай увагай, і калі настала маўчанне, Эдзіт запыталася:

— Вы пачалі гаварыць пра тое, што я штосьці заўважыла, Фларэнс?

— Вы заўважылі, што я, — прамовіла Фларэнс з тою-ж нямой просьбай і таксама, як і раней, хутка схаваўшы твар у яе на грудзях, — што я — не любімая дачка, мама! Я ніколі ёю не была. Я ніколі не ведала, як ёю зрабіцца. Я не знайшла шляху, і не было каму мне яго паказаць. О, дазвольце мне павучыцца ў вас, як мне зрабіцца тату блізкай! Навучыце мяне вы, якая так добра гэта ведае! — І, прытуліўшыся да яе, шэпчучы перарывістыя гарачыя словы падзякі і любові, Фларэнс пасля адкрыцця сваёй сумнай тайны плакала доўга, але не так тужліва, як раней, у абдымках новай маці.

Бледная, з пабялеўшымі губамі, з тварам, спачатку пакарэжаным, а пасля, дзякуючы намаганням волі, застыглым у ганарлівай сваёй прыгажосці, як мёртвая маска, Эдзіт пазірала на дзяўчыну, якая плакала, і адзін раз пацалавала яе. Паціху вызваліўшыся з абдымкаў Фаларэнс і адхіліўшы яе, велічная і нерухомая, як мрамарная статуя, яна сказала, і голас яе гучэў усё цішэй, толькі гэтым і выдаючы яе хваляванне:

— Фларэнс, вы мяне не ведаеце! Не дай божа вучыцца вам чаму-небудзь у мяне!

— Не вучыццаў вас? — са здзіўленнем прагаварыла Фларэнс.

— Няхай бог крые, каб я пачала вучыць вас, як патрэбна любіць або быць любімай! — сказала Эдзіт. — Лепш, калі-б вы маглі мяне навучыць, але цяпер вельмі позна. Вы для мяне дорагі, Фларэнс. Я не думала, што хто-небудзь можа зрабіцца для мяне такім дарагім, як зрабіліся вы за такі кароткі час.

Заўважыўшы, што Фларэнс хоча нешта сказаць, яна яе спыніла жэстам і прадаўжала:

— Я заўсёды буду вашым верным сябрам. Я буду выхоўваць вас калі і не так добра, то з большай любоўю, чым хто-б там ні быў на свеце. Вы можаце даверыцца мне — я гэта ведаю, дарагая, і я гэта кажу — можаце даверыцца мне з ўсёй адднасцю вашага чыстага сэрца. Ёсць шмат жанчын, на якіх ён мог-бы ажаніцца, — жанчын лепшых за мяне, Фларэнс. Але з тых, хто мог-бы ўвайсці ў гэты дом у якасці яго жонкі, няма ніводнай, чыё сэрца было-б напоўнена больш шчырай любоўю да вас.

— Я гэта ведаю, дарагая мама! — усклікнула Фларэнс. — З першага-ж дня, з таго шчаслівага дня я гэта ведала!

— Шчаслівага дня! — Эдзіт, здавалася, мімаволі паўтарыла гэтыя словы і прадаўжала: — Хоць няма заслугі з майго боку,