Старонка:Домбі і сын.pdf/362

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бо я мала аб вас думала да таго часу, пакуль вас не ўбачыла, але няхай ваша давер'е і любоў будуць незаслужанай узнагародай мне. У першую ноч майго прабывання ў гэтым доме мне захацелася — і гэта вельмі добра — сказаць вам аб гэтым першы і апошні раз.

Фларэнс, сама не ведаючы чаму, ледзь не са страхам чакала, што будзе пасля гэтага, але не зводзіла вачэй з цудоўнага твара, павернутага да яе.

— Ніколі не спрабуйце знайсці ва мне тое, чаго тут няма, — сказала Эдзіт, прыціскаючы руку да сэрца. — Ніколі, калі гэта ў вашых сілах, Фларэнс, не выракайцеся мяне з-за таго, што гэтага няма. Паступова вы спазнаеце мяне лепш, і прыдзе час, калі вы будзеце ведаць мяне таксама, як я сябе ведаю. І тады будзьце па меры сілы спагадлівы да мяне і не атручвайце горыччу адзіны светлы ўспамін, які астаецца мне.

Слёзы, што выступілі на вачах, скіраваных на Фларэнс, даказвалі, што спакойны твар быў толькі вельмі добрай маскай; але яна захавала гэту маску і прадаўжала:

— Я заўважыла тое, аб чым вы гаварылі, і ведаю, што вы не памыляецеся. Але верце мне — калі не цяпер, то хутка вы гэтаму паверыце — няма на свеце нікога, хто быў-бы менш, чым я, здолен гэта ўладзіць або дапамагчы вам, Фларэнс. Ніколі не пытайцеся ў мяне, чаму гэта так, і больш ніколі не гаварыце са мною аб гэтым і аб маім мужы. Тут паміж намі павінна быць прорва. Будзем захоўваць мёртвае маўчанне.

Некаторы час яна сядзела моўчкі; Фларэнс ледзь адважвалася дыхаць, а смутныя і няясныя пробліскі ісціны з усімі выцякаючымі адсюль вынікамі паўставалі перад яе спалоханым ўяўленнем. Як толькі Эдзіт змоўкла, яе напружаны, нерухомы твар зрабіўся спакайнейшым і мякчэйшым, якім ён быў звычайна, калі яна аставалася адна з Фларэнс. Эдзіт закрыла твар рукамі; пасля яна ўстала, з пяшчотным пацалункам пажадала Фларэнс спакойнай ночы і вышла з пакоя хутка і не аглядаючыся.

Але калі Фларэнс ляжала ў пасцелі, а пакой асвятляўся толькі водбліскам, што падаў ад каміна, Эдзіт вярнулася і, сказаўшы, што не можа спаць, і ў сваім пакоі адчувае сябе адзінокай, прысунула крэсла да каміна і пачала пазіраць на тлеючае вугалле. Фларэнс таксама паглядала на іх з ложка, пакуль і яны, і благародны твар, ахінуты распушчанымі валасамі, і задумлівыя вочы, у якіх адлюстроўваўся дагараючы агонь, не зрабіліся туманнымі і расплыўчатымі і, нарэшце, зніклі.

Але і ў сне Фларэнс захавала смутнае ўяўленне аб тым, што здарылася так нядаўна. Гэта паслужыла канвой яе сноў і праследвала яе, выклікаючы страх. Ёй снілася, што яна шукае бацьку ў пустэльных месцах і ідзе па яго слядах, падымаючыся на страшэнныя кручы і спускаючыся ў глыбокія падзямеллі і пячоры; даручана нешта такое, што павінна