Старонка:Домбі і сын.pdf/371

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я павінен прасіць выступіўшы наперад, сказаў містэр Каркер, — я павінен упрашаць і настайваць, каб мяне пусцілі. Якім-бы ні было нязначным і малаважным гэтае разыходжанне...

Тут місіс Ск’ютон, якая не спускала вачэй з твара дачкі, перапыніла яго.

— Любая мая Эдзіт, — сказала яна, — і дарагі мой Домбі! Наш цудоўны сябра містэр Каркер, бо я, дапраўды, павінна назваць яго так...

Містэр Каркер прашаптаў:

— Занадта многа гонару.

— Скарыстаў тыя самыя словы, якія гатовы былі сарвацца ў мяне з языка, і я бог ведае колькі часу як не памірала ад жадання сказаць іх. Нязначнае і малаважнае! Любая мая Эдзіт і дарагі мой Домбі, няўжо мы не ведаем, што ўсялякае разыходжанне паміж вамі... Не, Флауэрс, не цяпер.

Флауэрс, пакаёўка, убачыўшы джэнтльменаў хуценька пайшла.

— ...Што ўсялякае разыходжанне паміж вамі, — прадаўжала місіс Ск'ютон, — якія жывуць душа ў душу і звязаны цудоўнейшымі сувязямі пачуцця, павінна быць нязначным і малаважным? Якія словы могуць выказаць гэта лепш? Ніякія! Таму, я з радасцю карыстаюся гэтым такім нязначным выпадкам, ў якім так выявілася Прырода і вашы індывідуальныя якасці і ўсё такое, што выклікае слёзы ў маці, — карыстаюся для таго, каб сказаць, што я не надаю ніякага значэння і бачу ў гэтым толькі развіццё ніжэйшых элементаў Душы! І ў адрозненне ад большасці цёшчаў (якое агіднае слова, дарагі Домбі!), якія, як я чула, існуюць на гэтым, думаю, надта штучным свеце, я ў такіх выпадках не адважуся ўмешвацца ў вашы справы і, нарэшце, не магу асабліва засмучацца з-за такіх маленькіх успышак факела гэтага... як яго там называюць... не купідон, а іншае чароўнае стварэнне.

Гаворачы гэта, добрая маці пазірала на абодвух сваіх дзяцей зыркім позіркам, які, магчыма, выказваў цвёрды і добра абдуманы намер, што захоўваўся за няскладнымі словамі. Намер гэты быў у тым, каб прадбачліва адыйсці ў бок, не чуць у будучым бразгання іх ланцуга і схавацца за прытворнай і наіўнай верай у іх узаемнае каханне і адданасць адно аднаму.

— Я паказаў місіс Домбі, — велічна сказаў містэр Домбі, — што іменна ў яе паводзінах у самым пачатку нашага супольнага жыцця выклікае маё нездавальненне і што, настойваю я, павінна быць выпраўлена. Каркер, — ён кіўнуў галавою, пускаючы яго, — спакойнай ночы!

Містэр Каркер пакланіўся ганарлівай маладой жонцы, чые ззяючыя вочы былі скіраваны на мужа, і, накіроўваючыся да дзвярэй, затрымаўся ля ложа Клеапатры і са спакойнай і зачараванай пашанай пацалаваў руку, якую яна ласкава яму працягнула.