Старонка:Домбі і сын.pdf/372

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Калі-б яго прыгожая жонка напоўнілася дакорамі, змянілася ў твары або хоць-бы адным словам парушыла сваё ўпартае маўчанне цяпер, калі яны асталіся ўдваіх (бо Клеапатра пайшла як магла паспешна), містэр Домбі мог-бы выступіць у абарону сваіх правоў. Але перад гэтай напружанай, знішчаючай пагардай, з якой яна, паглядзеўшы на яго, апусціла вочы, нібы лічыла яго вельмі нявартым і нікчэмным, каб яму супярэчыць, перад бязмежнай пагардай і ганарлівасцю, з якой яна сядзела вось цяпер, перад халоднай, няўмольнай рашучасцю, з якою яна нібы душыла яго і адкідала, — ён быў бездапаможны. І ён пакінуў яе ва ўсёй велічнасці яе прыгажосці, якая дыхала пагардай да яго.


РАЗДЗЕЛ ХХХVII

Некалькі перасцярог.

У наступны дзень Фларэнс, Эдзіт і місіс Ск'ютон сядзелі разам, а ля пад'езда чакала карэта, каб везці іх на прагулку. Бо цяпер у Клеапатры зноў была свая галера, а ў часе абеду Уітэрс, ужо не змучаны, у куртцы з птушынымі грудзьмі і ў штанах ваеннага ўзору, стаяў за яе крэслам, якое было не на калёсах, і больш не калоўся. У гэтыя дні валасы Уітэрса блішчэлі ад памады, ён насіў лайкавыя пальчаткі, і ад яго пахла адэкалонам.

Яны сабраліся ў пакоі Клеапатры. Змяя старога Ніла[1] (няхай не будзе гэта знявагай) спачывала на софе, маленькімі глыткамі папіваючы свой ранішні шакалад у тры гадзіны дня, а Флауэрс, пакаёўка, прышпільвала ёй рукаўчыкі і аборачкі і ўтварала над ёй цырамонію хатняга каранавання, ускладаючы на галаву аксамітны капялюшык персікавага колеру; штучныя ружы на ёй ківаліся надзвычай эфектна, калі паралічнае дрыжэнне іх закранала, накшталт лёгкага ветрыку.

— Здаецца, я крыху ўзнервавана сёння раніцою, Флауэрс, — сказала місіс Ск'ютон. — У мяне рука дрыжыць.

— Учора вы былі душою грамады, пані, — адазвалася Флауэрс, — а сёння вам даводзіцца за гэта расплачвацца.

Эдзіт, якая падазвала Фларэнс да акна і пазірала на вуліцу, стоячы спіной да сваёй паважанай маці, якая займалася туалетам, раптам адскочыла ад акна, нібы бліснула маланка.

— Дарагое маё дзіця, — млява ўсклікнула Клеапатра, — няўжо і вы нервовая? Не кажыце мне, любая Эдзіт, што вы, такая стрыманая, робіцеся такою-ж пакутніцай, як ваша маці з яе няшчаснай натурай! Уітэрс, нехта стукае.

  1. Змяя старога Ніла — г. зн. Клеапатра, егіпецкая нарыца.