Старонка:Домбі і сын.pdf/388

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Мне падабаецца ваш незалежны дух, — сказала міс Токс, — але запэўняю вас, я не адчуваю ніякага пазбаўлення. Я буду пакрыўджана, калі вы іх не возьміце, як знак маёй прыязнасці да вас. Спакойнай ночы, Робін.

— Спакойнай ночы, пані, — сказаў Роб, — дзякую вам!

І, хіхікаючы, пабег разьменьваць манету і прагуляў грошы пірожніку. Але сумленнасць не выкладалася ў школе Тачыльшчыкаў, дзе пануючая сістэма надзвычай спрыяла зараджэнню двурушнасці.


РАЗДЗЕЛ XXXIX

Далейшыя прыгоды капітана Эдуарда Катля, марака.

Час, які адрозніваецца цвёрдым поступам і непахіснай воляй, настолькі прасунуўся наперад, што год, прызначаны старым інструментальным майстрам як тэрмін, на працягу якога яго сябра не павінен быў ускрываць запячатаны пакет, даданы да пісьма, якое ён для яго пакінууў, ужо праходзіў, і вечарамі капітан Катль, пачаў заглядаць на пакет з трывогай і прадчуваннем таямніцы.

Капітану, чалавеку сумленнаму, і ў галаву-б не прышло ўскрыць пакет хоць-бы за гадзіну да тэрміну, як не прышло-б яму ў галаву ўскрыць самога сябе для вывучэння ўласнай анатоміі. Пакурваючы сваю першую вячэрнюю люльку, ён абмяжоўваўся тым, што вымаў пакет, клаў на стол і праз дым разглядаў яго выгляд, з урачыстым маўчаннем, на працягу двух-трох гадзін падрад.

Бацькаўскія клопаты капітана аб Радасці Сэрца і захапленне ёю аставаліся нязменнымі. Але з часу апошняга спаткання з містэрам Каркерам у капітана Катля зарадзілася сумненне, ці сапраўды былое яго ўмяшанне на карысць гэтай маладой лэдзі і яго дарагога хлопчыка Уольра аказалася такім добрадзейным, як яму-б хацелася і як ён у той час верыў. Капітана мучыла сур'ёзнае апасенне, што ён зрабіў больш зла, чым дабра, і ў парыве раскаяння і пакорлівасці ён вырашыў выкупіць віну: пазбавіць сябе магчымасці рабіць зло каму-б там ні было і, так сказаць, кінуць самога сябе за борт, як чалавека небяспечнага.

Пахаваны такім чынам сярод інструментаў, капітан не набліжаўся да дома містэра Домбі і не падаваў аб сабе знаку Фларэнс і міс Ніпер. У гэтым добраахвотным адзіноцтве капітан праводзіў дні і тыдні, не абменьваючыся ніводным словам ні з кім, апрача Роба Тачыльшчыка, якога лічыў прыкладам бескарыслівай прывязанасці і вернасці. У гэтым адзіноцтве капітан, пазіраючы па вечарах на пакет, сядзеў, курыў і думаў пра Фларэнс і беднага Уолтэра, пакуль і той і другі не пачалі паўставаць перад яго бяс-