Старонка:Домбі і сын.pdf/389

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хітрасным уяўленнем памёршымі і адышоўшымі ў вечнае юнацтва — цудоўныя і нявінныя дзеці, якімі ён іх запамятаў.

Аддаючыся сваім размышленням, капітан, аднак, не забываўся пра ўласнае самаўдасканаленне і духоўнае развіццё Роба Тачыльшчыка. Звычайна гэты малады чалавек павінен быў кожны вечар на працягу гадзіны чытаць капітану ўголас якую-небудзь кнігу, а з прычыны таго, што капітан слепа верыў, што ўсе кнігі добрыя, Роб такім шляхам набыў вялікі запас рэдкіх ведаў.

Капітан Катль, як чалавек дзелавы, узяўся таксама весці кнігі. У іх ён запісваў назіранні аб надвор'і і патоку падвод і іншых экіпажаў, якія, — заўважыў ён, — раніцамі і большую частку дня рушылі ў гэтай мясцовасці на захад, а пад вечар — на ўсход. Калі на працягу аднаго тыдня заглянулі два-тры прахожых, якія «паклікалі яго» — так запісаў гэта капітан — наконт акуляраў і, нічога не купіўшы, абяцалі зайсці яшчэ раз, капітан вырашыў, што справа пачынае наладжвацца, і запісаў адпаведную заметку ў журнал; вецер дзьмуў тады (гэта ён запісаў перш за ўсё) досыць свежы, паўночна-заходні, перамяніўся ўночы.

Адной з галоўных цяжкасцей з'яўляўся для капітана містэр Тутс, які заходзіў часцяком і, не трацячы лішніх слоў, здавалася, уявіў, нібы маленькая задняя гасціная — зручны пакой для таго, каб у ім хіхікаць; для гэтай мэты ён карыстаўся яго выгадамі на працягу поўгадзіны, хоць яму і не ўдавалася завязаць больш блізкае знаёмства з капітанам. Капітан, якога нядаўняе яго гора навучыла асцярожнасці, усё яшчэ не мог вырашыць, ці быў містэр Тутс сапраўды такім ціхім стварэннем, якім здаваўся, або гэта быў надзвычай скрытны і каварны двурушнік. Яго частыя ўспамінанні пра міс Домбі былі падазронымі, але капітан адчуваў патаемную прыхільнасць да містэра Тутса за тое, што той ставіўся да яго з давер'ем, і часова ўстрымліваўся ад неспрыяючага рашэння; ён толькі назіраў за ім з невымоўнай праніклівасцю кожны раз, калі містэр Тутс закранаў самы блізкі яго сэрцу прадмет.

— Капітан Джылс, — выпаліў аднойчы містэр Тутс, як ён меў прывычку, зусім нечакана, — як вы думаеце, маглі-б вы паставіцца прыхільна да маёй прапановы і зрабіць мне прыемнасць быць знаёмым з вамі?

— Бачыце, прыяцель, я вам растлумачу ў чым справа, — адказаў капітан, які, нарэшце, абраў лінію паводзін, — я аб гэтым думаў.

— Капітан Джылс, гэта вельмі прыязна з вашага боку, — адазваўся містэр Тутс. — Я вам вельмі ўдзячны. Клянуся гонарам, капітан Джылс, вы зробіце добрую справу, калі не пазбавіце мяне прыемнасці быць знаёмым з вамі. Дапраўды-ж зробіце!

— Бачыце, браток, — задуменна праказаў капітан, — я вас не ведаю.