Старонка:Домбі і сын.pdf/390

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Але вы ніколі не спазнаеце мяне, капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, упарта праследуюны намечаную мэту, — калі не зробіце мне прыемнасці быць знаёмым з вамі.

Капітан, здавалася, быў надзвычай здзіўлены арыгінальнасцю і сілай гэтага доваду, і паглядзеў на містэра Тутса так, нібы убачыў у ім значна больш, чым меркаваў.

— Добра сказана, прыяцель, — заўважыў капітан, глыбокадумна ківаючы галавой, — і правільна сказана. Цяпер паслухайце. Вы зрабілі некалькі заўваг, якія далі мне зразумець, што вы захапляецеся адным цудоўным стварэннем. Праўда?

— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, энергічна жэстыкуліруючы той рукою, у якой трымаў капялюш, — захапленне — гэта не тое слова! Клянуся гонарам, вы нічога не разумееце аб тым, што я адчуваю! Калі-б мяне можна было афарбаваць у чорны колер і зрабіць рабом міс Домбі, я лічыў-бы гэта за ласку. Калі-б я мог цаною ўсяго майго багацця перамясціцца ў сабаку міс Домбі… я… мне здаецца, я ніколі не стаміўся-б віляць хвастом! Я быў-бы зусім шчаслівым, капітан Джылс!

Містэр Тутс, гаворачы гэта, заплакаў і з глыбокім хваляваннем прыціснуў да грудзей свой капялюш.

— Прыяцель, — адазваўся капітан, адчуўшы літасць, — калі вы кажаце сур'ёзна…

— Капітан Джылс! — крыкнуў містэр Тутс. — У мяне такі настрой і я так страшэнна сур'ёзны, што калі-б я мог даць клятву ў гэтым на распаленым жалезе, на палаючых вугаллях, або расплаўленым свінцы, або палаючым сургучы, або яшчэ на чым-небудзь падобным да гэтага, я з радасцю-б зрабіў сабе боль, каб супакоіць свае пачуцці. — І містэр Тутс шпарка акінуў позіркам пакой, нібы ў пошуках якога-небудзь дастаткова пакутлівага сродку, каб ажыццявіць свой жахлівы намер.

Капітан ссунуў на патыліцу глянцавіты капялюш, правёў па твары цяжкай рукой, дзякуючы чаму яго нос зрабіўся яшчэ больш плямістым, спыніўся перад містэрам Тутсам і, зачапіўшы яго кручком за лацкан фрака, звярнуўся да яго з наступнай прамовай, у той час як містэр Тутс пазіраў яму ў твар з вялікай увагай і некаторым здзіўленнем:

— Бачыце, прыяцель, — сказаў капітан, — калі вы гаворыце сур'ёзна, да вас належыць паставіцца міласэрна. Трымайцеся мацней! Гэта ваша прапанова застала мяне знянацку. А чаму? Таму што, разумееце, я трымаюся ў гэтых водах адасоблена, са мною няма іншых караблёў, і, магчыма, яны мне не патрэбны. Спакойна! Першы раз вы аклікнулі мяне адносна адной маладой лэдзі, якая вас зафрахтавала. Цяпер, калі мы з вамі будзем сябраваць, імя гэтага маладога стварэння ніколі не варта называць, і памінаць яго няможна. Бог ведае, колькі зла адбылося з-за таго, што да гэтага часу яго называлі вельмі часта, а таму я аб ім маўчу. Вы мяне добра разумееце, браток?