Старонка:Домбі і сын.pdf/429

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сам і таропка, — няма за што прасіць прабачэння. Я не хвалю паводзін місіс Домбі ў адносінах да маёй дачкі.

— Прабачце, — сказаў містэр Каркер, — я не зусім разумею.

— У такім выпадку пастарайцеся зразумець, — прадаўжаў Домбі. — Вы можаце — не, вы павінны — перадаць місіс Домбі мой пратэст адносна гэтага пункта. Будзьце ласкавы перадаць ёй, што яе адкрытая прывязанасць да маёй дачкі для мяне непрыемна. На гэту прывязанасць могуць звярнуць увагу. Яна можа прывесці да таго, што людзі паспрабуюць параўноўваць адносіны місіс Домбі да маёй дачкі з адносінамі місіс Домбі да мяне. Будзьце ласкавы давесці да ведама місіс Домбі, што я супраць гэтага супярэчу і чакаю, каб яна неадкладна прыняла пад увагу маё супярэчанне. Магчыма, місіс Домбі ставіцца да гэтага сур'ёзна, магчыма, гэта толькі яе дзівацтва, а магчыма, яна паўстае супраць мяне, але як-бы там ні было я супраць гэтага пратэстую. Каркер, — сказаў містэр Домбі, стрымліваючы незвычайнае хваляванне і варочаючыся да ўласцівай яму манеры, з якой ён прывык сцвярджаць сваю велічнасць, — будзьце ласкавы, Каркер, не забудзьцеся аб гэтым пункце і не змяншайце яго значэння, але лічыце яго вельмі істотным у атрыманых вамі інструкцыях.

Містэр Каркер пакланіўся, устаў з-за стала, і, задуменна стоячы перад камінам і падтрымліваючы рукой свой гладка выбрыты падбародак, паглядзеў зверху ўніз на містэра Домбі.

— Прабачце, — сказаў Каркер пасля нядоўгага маўчання, нечакана прысунуўшы сваё крэсла і садзячыся супроць містэра Домбі, — але я хацеў-бы ведаць: ці вядома місіс Домбі, што вы, магчыма, скарыстаеце мяне, каб праз мяне выказаць сваё нездавальненне?

— Так, — адказаў містэр Домбі. — Я гэта сказаў.

— Так? — шпарка падхапіў Каркер. — Але чаму?

— Чаму? — паўтарыў містэр Домбі з некаторай збянтэжанасцю. — Таму што я ёй гэта паведаміў.

— Ну! — усклікнуў Каркер. — Чаму вы ёй паведамілі? Бачыце, — прадаўжаў ён з усмешкай, мякка дакранаючыся сваёй аксамітнай рукой да рукі містэра Домбі, як дакрануўся-б да яе кот, схаваўшы свае кіпцюры, — чым лепш я зразумею тое, што вы думаеце, тым большую паслугу я буду мець шчасце вам зрабіць. Мне здаецца, я разумею. Я не заслужыў у місіс Домбі прыхільнасці. У мяне няма падстаў разлічваць на яе; але мне-б хацелася ведаць, ці так гэта?

— Магчыма і так, — сказаў містэр Домбі.

— Значыцца, — прадаўжаў Каркер, — гэтыя распараджэнні, пераданыя вамі місіс Домбі праз мяне, з'яўляюцца для гэтай лэдзі тым больш непрыемнымі?

— Мне здаецца, — сказаў містэр Домбі з ганарлівым спакоем і, аднак, у некаторай замяшанасці, — што погляд місіс Домбі на гэты прадмет не мае адносін да справы, як уяўляецца вам і мне, Каркер. Але, магчыма, вы не памыляецеся.











425;