Старонка:Домбі і сын.pdf/430

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Прабачце, ці правільна я вас разумею, — сказаў Каркер, — думаючы, што вы бачыце ў гэтым зручны спосаб прымірыць ганарлівасць місіс Домбі — гэтым словам я азначаю якасць, якая, калі яна належным чынам абмежавана, упрыгожвае і робіць гонар лэдзі, якая вызначаецца такой прыгажосцю і талентамі, — прымірыць і не скажу — пакараць яе, але дамагчыся ад яе пакорлівасці, якой вы натуральна і па праву патрабуеце?

— Як вам вядома, Каркер, — адказаў містэр Домбі, — я не прывык даваць такіх падрабязных тлумачэнняў сваім учынкам, якія лічу правільнымі, але я не стану абвяргаць вашы меркаванні. Калі у вас ёсць якія-небудзь супярэчанні, вам досыць будзе заявіць аб іх. Але, прызнаюся, я не думаў, што даручэнне, якое-б яно ні было, можа вас прынізіць…

— О! Прынізіць мяне! — закрычаў Каркер. — Калі я служу вам!

— Або паставіць вас, — прадаўжаў містэр Домбі, — у фальшывае становішча.

Мяне ў фальшывае становішча! — усклікнуў Каркер. — Я буду горды, шчаслівы апраўдаць ваша давер'е! Больш ніякіх распараджэнняў? — запытаўся Каркер, адсоўваючы сваё крэсла на ранейшае месца, бо да гэтага часу яны ледзь дакрануліся да яды, і астаючыся стаяць чакаючы адказу.

— Толькі яшчэ адно, — адказаў містэр Домбі. — Будзьце ласкавы, Каркер, паведаміць, што ні адно з даручэнняў да місіс Домбі, якое вы выконваеце або будзеце выконваць, не патрабуе адказу. Будзьце ласкавы не перадаваць мне ніякага адказу. Місіс Домбі ведае аб тым, што не належыць мне ісці на згоду або распачынаць перагаворы па пытанню, якое выклікала рознагалоссі паміж намі, і тое, што я гавару, з'яўляецца немінучым.

Містэр Каркер даў зразумець, што ўцяміў гэта даручэнне, і яны пачалі снедаць — бадай ці з вялікім апетытам. У патрэбную хвіліну вярнуўся Тачыльшчык, які ні на секунду не адрываў позірку ад свайго гаспадара і аддаваўся летуценню, поўнаму, пачцівага жаху. Пасля снедання загадана было прывесці каня містэра Домбі, містэр Каркер сеў на свайго каня, і яны разам паехалі ў Сіці.

Містэр Каркер быў у надзвычай добрым настроі і шмат гаварыў. Містэр Домбі слухаў яго гутарку з велічным выглядам чалавека, які меў права патрабаваць, каб яго забаўлялі гутаркай, і калі-нікалі прагаварваў спагадліва некалькі слоў з мэтай падтрымаць размову. Так ехала гэта выдатная пара. Але містэр Домбі з уласцівай яму годнасцю ехаў, надта адпусціўшы страмёны, надта безуважліва трымаючы павады і надта рэдка паглядаючы, куды ступае яго конь. У выніку здарылася так, што конь містэра Домбі спатыкнуўся аб каменні, скінуў яго з сядла, паваліўся сам, паспрабаваў падняцца і, брыкаючыся, выцяў яго падкаваным капытом.

Містэр Каркер, надзвычайны коннік, надзелены зыркім вокам і цвёрдай рукой, спешыўся і прымусіў жывёлу, якая калацілася