Старонка:Домбі і сын.pdf/435

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтым часткова тлумачылася яе ўзрушэнне. Але яшчэ з дня вяселля яе падазрэнні і недаверлівасць узмацняліся, бо, як і многія іншыя асобы з падобным характарам, што шчыра і моцна прывязваюцца да чалавека, які займае, падобна Фларэнс, зусім іншае становішча, С'юзен была вельмі рэўнівая, і, зразумела, яе рэўнасць павярнулася супроць Эдзіт, якая раздзяліла з ёю ўладу і стала паміж імі.

— С'юзен, — сказала Фларэнс, якая задуменна сядзела ля стала, — цяпер вельмі позна. Сёння мне больш нічога не будзе патрэбна.

— Ах, міс Флой! — усклікнула Ніпер. — Дапраўды-ж, я часта ўспамінаю пра тыя часы, калі сядзела з вамі да больш позняй гадзіны і засынала ад стомленасці, а ў вас ні ў адным воку сну не было, усёроўна, як у акулярах, але цяпер сядзіць з вамі ваша мачыха, міс Флой, дапраўды, я на гэта не наракаю. Я ні слова супраць гэтага не скажу.

— Я не забудуся, хто быў старым маім другам у тыя часы, калі нікога ў мяне не было, С'юзен, — ласкава адазвалася Фларэнс, — ніколі не забудуся.

І, падняўшы вочы, яна абняла за шыю сваю скромную сяброўку, прыцягнула яе да сябе і пацалавала, пажадаўшы ёй добрай ночы; гэта так расчуліла міс Ніпер, што яна пачала ўсхліпваць.

— Дарагая мая міс Флой, — сказала С'юзен, — дазвольце мне яшчэ раз спусціцца ўніз і даведацца, як адчувае сябе ваш татуля; я ведаю, што вы страшэнна непакоіцеся, дазвольце-ж мне яшчэ раз спусціцца ўніз і самой пастукаць да яго ў дзверы.

— Не патрэбна, — сказала Фларэнс, — кладзіцеся спаць. Раніцой мы даведаемся. Я сама даведаюся аб гэтым раніцой. Напэўна, мама была ўнізе, — Фларэнс пачырванела, бо на гэта яна не спадзявалася, — а магчыма, яна цяпер там. Спакойнай ночы!

С'юзен была расчулена і змоўчала аб тым, ці лічыць яна магчымым, што місіс Домбі даглядае свайго мужа; затым, не сказаўшы ні слова, яна вышла. Астаўшыся адна, Фларэнс закрыла твар рукамі і дала волю слязам, якія пырснулі ў яе з вачэй. Страшная думка, якая прымусіла яе ўздрыгануцца і сціснуць рукі, хоць яна не першы раз прамільганула ў яе галаве, — думка, што ён можа памерці, так і не ўбачыўшы яе, не назваўшы па імю, устрасянула ўсю яе істоту. У спалоху яна падумала, з трапятаннем падумала аб тым, каб зноў спусціцца ўніз і падкрасціся да яго дзвярэй.

Вышаўшы з пакоя, яна прыслухалася. У доме было ціха, і ўсе агні патушаны. Шмат, шмат часу, падумала яна, прайшло з той пары, як яна, бывала, рабіла начное паломніцтва да яго дзвярэй! Шмат, шмат часу, старалася думаць яна, прайшло з той пары, як яна ўвайшла апоўначы да яго ў пакой і ён вывеў яе назад да лесвіцы!