Старонка:Домбі і сын.pdf/487

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Небарака Уольр! Утапіўся, хіба не праўда?

Пасля гэтага ён пайшоў, зноў лёг у пасцель і спаў да сямі гадзін раніцы.

І ўвесь дзень ён не мог адкараскацца ад збянтэжання і замяшання, хоць Фларэнс, займаючыся швівам у маленькай гасцінай, была больш спакойнай, чым напярэдадні. Амаль не кожны раз, калі ёй здаралася падымаць вочы ад работы, яна заўважала, што капітан пазірае на яе і задуменна гладзіць падбародак, і ён часта прысоўваў да яе сваё крэсла, нібы маючы намер паведаміць нешта вельмі канфідэнцыяльнае, і так часта адсоўваў яго зноў, нібы не ведаючы, з чаго пачаць, што на працягу дня ён на гэтым кволым судзёнцы рабіў рэйс вакол гасцінай і не раз у вельмі сумным становішчы садзіўся на мель, наляцеўшы на сцяну або на дзверы каморы.

Толькі на змроку капітан Катль, кінуўшы, нарэшце, якар каля Фларэнс, пачаў гаварыць больш або менш складна.

— Вы ніколі не бывалі ў плаванні, мая чароўнасць?

— Ніколі, — адказала Фларэнс.

— Мора — магутная стыхія, — з пачцівасцю сказаў капітан. — Шмат цудаў у марскім віры, мая красуня! Падумайце аб моры, калі вые вецер і ўздымаюцца хвалі. Падумайце аб ім, калі ў страшную, навальнічную ноч бывае так цёмна, — прадаўжаў капітан, урачыста падымаючы свой кручок, — што вы ўласную руку не ўбачыце, хіба толькі яе асветліць успыхнуўшая маланка.

— А вам здаралася трапляць у шторм? — запыталася Фларэнс.

— А як-жа, мая маленькая лэдзі, і на маю долю выпала нямала бур, — сказаў капітан, з хваляваннем выціраючы галаву, — і мне даводзілася гойсаць па хвалях; але… але я не пра сябе хацеў пагаварыць. Пра нашага дарагога хлопчыка, — ён бліжэй прысунуўся да яе, — пра Уольра, які затануў.

Капітан гаварыў такім дрыготкім голасам і павярнуў да Фларэнс такі бледны і ўстрывожаны твар, што яна спалохана схапіла яго за руку.

— Вы змяніліся ў твары! — ўсклікнула Фларэнс. — Вы раптам зрабіліся зусім іншы. Што здарылася? Любы капітан Катль, у мяне мароз прабягае па спіне, калі я пазіраю на вас!

— Не, не! Не палохайцеся, маленькая лэдзі, — адказаў капітан, падтрымліваючы яе рукой. — Усё ў парадку, усё ў парадку, мая дарагая. Дык вось, я казаў… Уольр… ён… ён затануў, хіба не праўда?

Фларэнс пільна пазірала на яго; яна то чырванела, то бляднела і прыціскала руку да грудзей.

— Усякія беды і небяспекі падпільноўваюць на моры, мая красуня, — сказаў капітан, — і над многімі геройскімі караблямі і многімі адважнымі сэрцамі самкнуліся маўклівыя воды і так і не прамовілі ні слоўца. Але і на моры можна ўнікнуць смерці, і іншы раз адзін чалавек з дваццаці, — а магчыма, і з сотні,