Старонка:Домбі і сын.pdf/488

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

любачка, — варочаўся дадому, калі яго ўжо лічылі памершым, а ўвесь экіпаж загінуўшым… Я… я ведаю адну такую гісторыю, Радасць майго Сэрца, — заікаючыся прадаўжаў капітан, — калісьці мне яе расказалі. І калі ўжо я ўзяў гэты курс і мы з вамі сядзім удваіх ля каміна, то, магчыма, вы хочаце, каб я вам расказаў яе? Хочаце, любачка?

Фларэнс, дрыжучы ад хвалявання, якога яна не магла ні перамагчы, ні ўцяміць, мімаволі прасачыла за яго позіркам, што скіраваўся да крамы, дзе гарэла лямпа. Як толькі яна павярнула галаву, капітан усхапіўся з крэсла і засланіў ёй вочы рукой.

— Там нічога няма, мая красуня, — сказаў капітан. — Не глядзіце туды!

— Чаму? — запыталася Фларэнс.

Капітан замармытаў аб тым, што там нічога вясёлага няма, а тут ярка гарыць агонь у каміне. Ён крыху прычыніў дзверы, якія раней былі расчынены насцеж, і зноў сеў на сваё месца. Фларэнс сачыла за ім позіркам і пільна ўглядалася ў яго твар.

— Гутарка ішла аб караблі, мая маленькая лэдзі, — пачаў капітан, — які адплыў з лонданскага порта за ветрам і ў вельмі добрае надвор'е, накіроўваючыся ў… Не палохайцеся, мая маленькая лэдзі, карабль проста рушыў у плаванне, любачка, проста рушыў у плаванне!

Выраз на твары Фларэнс устрывожыў капітана, які і сам быў вельмі расчулены і ўзрушаны і бадай ці выглядаў менш усхваляваным, чым яна.

— Ці прадаўжаць расказ, мая красуня! — запытаўся капітан.

— Так, так, прашу вас! — усклікнула Фларэнс.

Капітан як быццам праглынуў штосьці, што засела ў яго ў горле, і нервова загаварыў:

— Дык вось гэты самы злашчасны карабль трапіў там, на моры, у такі шторм, які бывае раз у дваццаць год, мая дарагая. Мне казалі, мая любачка, што дзень за днём гэты злашчасны карабль мужна трымаўся на хвалях і выконваў свой абавязак, але раптам адна хваля разбіла борт, знесла мачты і руль, змыла лепшых маракоў, і карабль быў адданы на волю шторму, які не ведаў літасці і бушаваў усё мацней і мацней, так што хвалі перакачваліся цераз судно і наносілі яму ўдары і, налятаючы на яго, разбівалі яго, як скарлупку. Кожная чорная пляма на грэбені хвалі, што адыходзіла ў мора, была або абломкам карабля, або жывым чалавекам, і карабль быў разбітым нашчэнт, мая красуня, і трава ніколі не вырасце на магілах тых, хто вёў гэта судно.

— Але не ўсем яны загінулі! — усклікнула Фларэнс. — Нехта выратаваўся? Хоць-бы адзін чалавек?

— На барту гэтага злашчаснага карабля, — прадаўжаў капітан, падымаючыся з крэсла і сціскаючы руку ў кулак з вельмі энер-