Старонка:Домбі і сын.pdf/491

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

любові. Такую мажлівасць капітан мог дапусціць не больш, чым паверыць, што каля яго знаходзіцца не сам Уолтэр, а яго здань.

Яны засядзеліся да позняга часу. Капітан ахвотна прасядзеў-бы так цэлы тыдзень. Але Уолтэр устаў і пачаў развітвацца.

— Вы ідзеце, Уолтэр! — усклікнула Фларэнс. — Куды?

— Часова ён павесіў свой ложак за рогам у Бролі, маленькая лэдзі, — адказаў капітан. — На адлегласці воклічу, Радасць Сэрца!

— Вам праз мяне даводзіцца ісці, Уолтэр, — сказала Фларэнс. — Ваша месца заняла беспрытульная сястра.

— Дарагая міс Домбі, — нерашуча адазваўся Уолтэр, — калі не будзе дзёрзкасцю называць вас так…

— Уолтэр! — усклікнула яна са здзіўленнем.

— Цяпер, калі я маю магчымасць бачыць вас і гаварыць з вамі, я надзвычай шчаслівы, разумеючы, што магу зрабіць вам маленькую паслугу. Куды-б я толькі не пайшоў і чаго-б я не зрабіў дзеля вас!

Яна ўсміхнулася і назвала яго братам.

— Вы так змяніліся, — сказаў Уолтэр.

— Я змянілася! — перапыніла яна.

— Для мяне, — ціха сказаў Уолтэр, нібы разважаючы ўголас, — для мяне змяніліся. Я пакінуў вас, калі вы былі дзіцём, а цяпер бачу вас… О, зусім іншай…

— Але па-ранейшаму вашай сястрой, Уолтэр. Вы не забыліся, што мы абяцалі адзін аднаму, пры развітанні?

— Хіба можна забыцца! — Але больш ён нічога не дадаў.

— Уолтэр! — праз слёзы сказала Фларэнс. — Любы брат! Пакажыце мне які-небудзь шлях у жыцці… які-небудзь скромны шлях, каб я магла ісці гэтым шляхам адна, працаваць і думаць часамі пра вас, як пра чалавека, які абароніць мяне і паклапоціцца аба мне, як аб сястры! О, дапамажыце мне, Уолтэр, мне так патрэбна дапамога!

— Міс Домбі! Фларэнс! Я гатоў памерці за вас! Але ў вас ёсць сябры, гордыя і багатыя. Ваш бацька…

— Не, не! Уолтэр! — Яна ўскрыкнула і сціснула галаву рукамі з такім жахам, што ён замёр на месцы. — Не гаварыце гэтага слова!

З таго часу ён ніколі не мог забыцца яе голасу і позірку, калі яна прымусіла яго замоўкнуць. Ён адчуваў: каб пражыў ён яшчэ сто год — ніколі яму гэтага не забыцца.

Яна прытулілася сваім ціхманым тварам да пляча капітана і расказала, як і чаму яна ўцякла. Калі-б кожная пралітая ёю пры гэтым горкая сляза была праклёнам, які падае на галаву таго, каго яна не называла і не ганьбіла, — са страхам падумаў Уолтэр, — для яго гэта было-б лепш, чым страціць такую глыбокую і моцную любоў.

— Годзе, любачка! — сказаў капітан, калі яна змоўкла; а пакуль яна гаварыла, капітан слухаў яе з надзвычайнай увагай,