Старонка:Домбі і сын.pdf/492

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ссунуўшы на бок глянцавіты капялюш і разявіўшы рот. — Стоп, стоп, мой скарб! Уольр, мой дарагі хлопчык, адчальвайце на гэту ноч, а красуню пакіньце на маю апеку.

Уолтэр абодвума рукамі ўзяў яе руку, паднёс да губ і пацалаваў. Цяпер ён ведаў, што яна і напраўду была беспрытульнай уцякачкай.


РАЗДЗЕЛ L

Нараканні містэра Тутса.

На мансардзе ў доме Драўлянага Мічмана пуставаў пакой, які ў ранейшыя часы служыў Уолтэру спальняй. Разбудзіўшы капітана досвіткам, Уолтэр прапанаваў перанесці туды з маленькай гасцінай найлепшую мэблю для ўпрыгожання пакоя, каб Фларэнс, прачнуўшыся, магла заўладаць ёю. З прычыны таго, што для капітана Катля нішто не магло быць прыемнейшым, як расчырванецца і задыхацца, папрацаваўшы дзеля такой справы, то ён (як казаў сам) пачаў з ахвотай, і гадзіны праз дзве мансарда ператварылася ў своеасаблівую каюту на сухазем'і, упрыгожаную адмысловымі рэчамі з гасцінай, уключаючы нават татарскі фрэгат.

Ніякія ўгаварванні Уолтэра не маглі прымусіць капітана завесці вялікі гадзіннік, узяць назад чайніцу або дакрануцца да шчыпцоў для цукру і чайных лыжак.

— Не, мой хлопчык, — нязменна адказваў капітан на такую просьбу, — гэту маленькую маёмасць я перадаў у сумеснае ўладанне.

Перасяленне Фларэнс у іншы, больш адасоблены пакой, было зручным для яе і ў той-жа час давала магчымасць пасадзіць Мічмана на звычайны яго назіральны пост, а таксама зняць акяніцы з вокнаў крамы.

— Капітан Катль, — задуменна сказаў Уолтэр, калі яны стаялі ў дзвярах крамы, адпачываючы пасля працы і пазіраючы на знаёмую старую вуліцу, — было яшчэ вельмі рана, — увесь гэты час не было ніякіх вестак пра дзядзю Соля?

— Ніякіх, мой хлопчык, — адказаў капітан, ківаючы галавой.

— Выправіўся шукаць мяне, добры, слаўны стары, — сказаў Уолтэр, — а вам ні разу не напісаў! Але чаму? Вось тут, у гэтым пісьме, якое вы перадалі мне, — ён дастаў з кішэні пакет, распячатаны ў прысутнасці мудрага Бансбі, — ён кажа, што вы можаце лічыць яго памёршым, калі ні разу не пачуеце пра яго да таго дня, як распячатаеце гэты пакет. Барані нас бог ад такога няшчасця! Але-ж вы-б пачулі пра яго, нават калі-б ён і напраўду памёр! Вядома, хто-небудзь напісаў-бы вам па яго жаданню,