Старонка:Домбі і сын.pdf/529

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Да самага акна прыціснуўся нейчы бледны, спалоханы твар, спачатку вочы блукалі, нібы шукалі чагосьці, пасля спыніліся на Херыет і загарэліся.

— Упусціце мяне! Упусціце! Я павінна пагаварыць з вамі! — І рука застукала ў шыбу.

Яна адразу пазнала жанчыну з доўгімі цёмнымі валасамі, якую калісьці ў дажджлівы вечар сагрэла, накарміла і прытуліла. Адчуваючы да яе зусім зразумелы сполах, памятаючы пра яе неразумныя ўчынкі, Херыет, адступіўшыся ад акна, стаяла ў нерашучасці, апанаваная трывогай.

— Упусціце мяне! Дайце мне пагаварыць з вамі! Я вам удзячна… так… я змірылася… я зраблю ўсё, што хочаце. Але дайце мне пагаварыць з вамі.

Гэта гарачая просьба, узрушаны твар, дрыготкія рукі, паднятыя з просьбай, нейкая трывога і жах, што гучэлі ў голасе і мелі штосьці агульнае з душэўным станам Херыет, прымусілі яе паслухацца. Яна паспяшалася да дзвярэй і адчыніла іх.

— Можна мне зайсці ці лепш гаварыць тут? — запыталася жанчына, схапіўшы яе за руку.

— Што вам патрэбна? Што вы хочаце сказаць?

— Нямнога, але дайце мне выказацца, інакш я ніколі гэтага не скажу. Мяне і цяпер цягне пайсці. Як быццам нейчыя рукі адцягваюць мяне ад дзвярэй. Дайце мне ўвайсці, калі вы можаце на гэты раз мне паверыць!

Яны прайшлі ў асветленую маленькую кухню, дзе ўжо раней здарылася ёй сядзець, закусваць і сушыць вопратку.

— Сядзьце тут, — сказала Эліс, апусціўшыся на калені перад Херыет, — паглядзіце на мяне. Вы мяне памятаеце?

— Памятаю.

— Памятаеце, я вам сказала, кім я была і адкуль я прышла, у лахманах і кульгаючы, пад раз'юшаным ветрам і дажджом, які біў мне ў твар?

— Так.

— Вы памятаеце, як я вярнулася ў тую ноч, шпурнула ў гразь вашы грошы і пракляла вас і ўвесь ваш род? Цяпер вы мяне бачыце тут на каленях.

— Калі вы просіце прабачэння… — смірна пачала Херыет.

— Не, не прабачэння! — перапыніла тая з гордым, страсным выразам на твары. — Я прашу, каб вы мне паверылі. А цяпер мяркуйце, ці заслугоўваю я давер'я — такая, якой я была і якая я цяпер.

Не падымаючыся з каленяў і паглядаючы на агонь, яна прадаўжала:

— Калі я была маладая і прыгожая і калі вось гэтыя валасы, — яна пагардліва тузанула за пасму, якую трымала ў руцэ, — калі іх ласкава разгладжвалі і не маглі нацешыцца імі, мая маці, якая мала думала аба мне, пакуль я была дзіцём, звярнула ўвагу