Старонка:Домбі і сын.pdf/530

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на маю прыгажосць, прывязалася да мяне, пачала ганарыцца мною. Яна была беднай і прагнай і захацела атрымаць ад мяне выгаду. Няварта і казаць, да чаго гэта прывяло. Сярод такіх, як мы, гэта прыводзіць не да нешчаслівых шлюбаў, але да няшчасця і пагібелі. Няшчасце і пагібель дагналі мяне… дагналі.

Шпарка перавёўшы пахмурны позірк з агню на твар Херыет, яна сказала:

— Я дарэмна трачу час, а ён дарагі… Аднак, калі-б я аб усім гэтым не перадумала, не было-б мяне цяпер тут. Так, няшчасце і пагібель дагналі мяне! З мяне адразу-ж зрабілі нядоўгавечную цацку і адкінулі з большай лютасцю і неахайнасцю, чым адкідаюць цацкі. Як вы думаеце, чыя рука гэта зрабіла?

— Чаму вы пра гэта ў мяне пытаецеся? — запыталася Херыет.

— А чаму вы дрыжыце? — заўважыла Эліс, зырка ўглядаючыся ў яе. — Ён ператварыў мяне ў д'ябла. Я падала ўсё ніжэй і ніжэй, няшчасная і загубленая. Я была замешана ў справе аб грабежніцтве. У здабычы я не прымала ўдзелу. Мяне злавілі і судзілі, а ў мяне не было ніводнага сябра, ніводнага пені! Хоць я была зусім маладой, я палічыла-б за лепшае пайсці на смерць, чым прасіць, каб ён закінуў слаўцо, калі яго слова магло-б мяне выратавваць. Так! Палічыла-б за лепшае любы від смерці, які толькі можна прыдумаць. Але мая маці, як заўсёды карысталюбная, паслала да яго ад майго імя, расказала яму ўсю праўду аба мне і пакорліва выпрошвала апошнюю маленькую падачку — некалькі фунтаў, менш, чым у мяне пальцаў на руцэ. Як вы думаеце, хто быў той чалавек, які адвярнуўся ад мяне, што трапіла ў бяду, што ляжала, як думаў ён, ля яго ног, і не прыслаў мне нават гэтага нікчэмнага падарунку ў памяць мінулага, надта задаволены тым, што мяне пагоняць за акіян, дзе я больш ўжо не буду для яго перашкодай, дзе я памру і згнію? Як вы думаеце, хто гэта быў?

— Чаму вы пра гэта ў мяне пытаецеся? — паўтарыла Херыет.

— Чаму вы дрыжыце, — сказала Эліс, дакранаючыся рукой да яе рукі і заглядаючы ёй у твар, — калі не таму, што адказ гатоў сарвацца з вашых вуснаў? Гэта быў ваш брат Джэймз.

Херыет дрыжэла ўсё мацней і мацней, але не адвяла вачэй ад пільнага позірку, скіраванага на яе.

— Калі я даведалася, што вы яго сястра, — гэта здарылася ў тую ноч, — я вярнулася сюды, змучаная, з параненай нагой, каб з пагардай адрынуць ваш падарунак. Пасля я ўбачыла яго, — сказала Эліс, сціскаючы ёй руку і ўглядаючыся ў яе твар. — Я сачыла за ім пры яркім дзённым святле. Калі якая-небудзь іскра нянавісці толькі тлела ў маіх грудзях, яна разгарэлася ў яркае полымя, калі мае вочы спыніліся на ім. Вам вядома, што ён зрабіў зло гордаму чалавеку і зрабіў яго сваім смяротным ворагам. Што, калі я дала аб ім весткі гэтаму чалавеку?

— Весткі! — паўтарыла Херыет.