Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вот яшчэ, задрыпанец, — з глыбокай і сарамлівай пагардаю сказаў гэрой-камандзір і шыбка, як ад чагось брыдкага, вышаў.

З афіцэраў у нас ранены яшчэ штабс-капітан Дамброўскі, але астаўся ў строі. А ў трэцяй батарэі забіты камандзір. Здаецца, я яго бачыў; гэта здаровы, дабрадушны, мужчына-русак, з вялікімі рыжымі вусамі, на прозьвішча Шылаў. Кажуць, канаючы, перад вечарам, ён пажартаваў з сваімі афіцэрамі, абступіўшымі яго: „Вот табе і георгіеўскі крыж… Пастаўце хоць драўляны“… Трэба паясьніць, што ён сваёй батарэяй нарабіў немцам такой шкоды, што яшчэ ў часе бою генэрал па тэлефону сказаў яму: „Віншую вас, палкоўнік, з георгіеўскім крыжам“. Калі памёр, адзін салдат кінуўся яму на грудзі, цалаваў і плакаў. Ніводзін з бачыўшых гэта таксама ня мог утрымацца ад сьлёз. А забіла яго куля скрозь вакно на вышках, калі ён схапіў некія дзьверы й загараджваў вакно, робячы сабе наглядальны пункт. Забіты быў пад вечар, у канцы бою.

Думаю: вось і мяне магло так забіць на вышках, на доміку, што цяпер згарэўшы.

Ня маю болей часу пісаць, і галава баліць ад учарашняга грукату і яшчэ болей ад маёй уласнай нэрвацыі.

Пішу па абедзе, паправіўшы акопчык. Ціха, спакойна. Сядзім удваіх з Воранавым на тым самым наглядальным пункце пад дрэвам, ля згарэўшага дому. Сьмярдзіць ад пажарышча, вецер узьнімае залу і пясок і сыпле на нас. Спаць хочацца, бо цэ-