заў Рудзін, сядаючы: — і вельмі рад вашай шчырасці. Гэтак куды лепей. Я сам прыехаў да вас, як да благароднага чалавека.
— Ці не можна без кампліментаў? — заўважыў Валынцэў.
— Я жадаю растлумачыць вам, чаму я прыехаў.
— Мы з вамі знаёмы: чаму-ж вам і не прыехаць да мяне? Да таго-ж, вы не ўпершыню робіце мне гонар сваім наведваннем.
— Я прыехаў да вас, як благародны чалавек да благароднага чалавека, — паўтарыў Рудзін: — і хачу цяпер спаслацца на ўласны ваш суд... Я давяраю вам зусім...
— Ды ў чым рэч? — прагаварыў Валынцэў, які ўсё яшчэ стаяў у ранейшай позе і хмура глядзеў на Рудзіна, зрэдку пашчыпваючы канцы вусоў.
— Дазвольце... Я прыехаў за тым, каб даць тлумачэнне, канечне; але, усё-такі, гэта няможна адразу.
— Чаму няможна?
— Тут замешана трэцяя асоба...
— Якая трэцяя асоба?
— Сергей Паўлыч, вы мяне разумееце.
— Дзімітры Нікалаіч, я вас зусім не разумею.
— Вам пажадана...
— Мне пажадана, каб вы гаварылі без лішніх слоў! — падхапіў Валынцэў.
Ён пачынаў злавацца не на жарты.
Рудзін нахмурыўся.
— Калі ласка... мы адны... Я павінен вам сказаць — аднак, вы, мабыць, ужо здагадваецеся (Валынцэў нецярпліва паціснуў плячыма) — я павінен вам сказаць, што я кахаю Наталью Алексееўну і маю права меркаваць, што і яна мяне кахае.
Валынцэў збляднеў, але нічога не адказаў, адышоў да акна і адвярнуўся.