Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перачыркваў і перарабляў і старанна спісаўшы яго на тонкім лісце паштовай паперы, склаў яго як мага драбней і паклаў у кішэню. З смуткам на твары прайшоўся ён некалькі разоў узад і ўперад па пакоі, сеў на крэсла перад акном, падперся рукою; сляза ціха выступіла на яго расніцы... Ён устаў, зашпіліўся на ўсе гузікі, паклікаў чалавека і загадаў спытаць у Дар'і Міхайлаўны, ці можа ён яе бачыць.

Чалавек неўзабаве звярнуўся і паведаміў, што Дар'я Міхайлаўна загадала яго прасіць. Рудзін пайшоў да яе.

Яна прыняла яго ў габінеце, як і ў першы раз, два месяцы таму назад. Але цяпер яна не была адна: у яе сядзеў Пандалеўскі, скромны, свежы, чысты і расчулены, як заўсёды.

Дар'я Міхайлаўна ласкава сустрэла Рудзіна, і Рудзін ласкава ёй пакланіўся, але, толькі зірнуўшы на ўсмешлівыя іх твары, кожны хоць крыху спрактыкаваны чалавек зразумеў-бы, што між імі, калі і не выказалася, так здарылася штосьці неладнае. Рудзін ведаў, што Дар'я Міхайлаўна на яго злуецца. Дар'я Міхайлаўна падазравала, што яму ўжо ўсё вядома.

Данясенне Пандалеўскага вельмі яе расстроіла. Шляхецкі гонар у ёй заварушыўся. Рудзін, бедны, нечыноўны і пакуль невядомы чалавек, адважыўся прызначыць спатканне яе дачцэ — дачцэ Дар'і Міхайлаўны Ласунскай!!

— Дапусцім, ён разумны, ён геній! — гаварыла яна: — ды што-ж з гэтага? Пасля гэтага кожны можа спадзявацца быць маім зяцем?

— Я доўга вачам сваім не верыў, — падхапіў Пандалеўскі. — Як гэта не ведаць свайго месца, дзіўлюся!