Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

"Я застаюся адзінокі на зямлі для таго, каб аддацца, як вы сказалі мне сёння раніцой з жорсткаю ўсмешкай, іншым, больш вартым мне заняткам. На жаль! калі-б я мог, сапраўды, аддацца гэтым заняткам, перамагчы нарэшце сваю лень... Але не! Я застануся тым-жа няскончаным стварэннем, якім быў да гэтай пары... Першая перашкода — і я ўвесь рассыпаўся: здарэнне з вамі мне гэта даказала. Калі б я, прынамсі, прынёс маё каханне ў ахвяру маёй будучай дзейнасці, майму прызначэнню; але, я проста спалохаўся адказнасці, якая на мяне падала, і таму я, сапраўды, няварты, вас. Я не варты таго, каб вы для мяне разлучыліся з вашай сферай... Аднак, усё гэта, можа быць, да лепшага. З гэтага выпрабавання я, магчыма, выйду чысцей і дужэй.

"Жадаю вам поўнага шчасця. Бывайце! Часам успамінайце пра мяне. Спадзяюся, што вы яшчэ пачуеце пра мяне.

Рудзін".

Наталья апусціла ліст Рудзіна да сябе на калені і доўга сядзела нерухома, уставіўшыся вачыма ў падлогу. Ліст гэты ясней за ўсе магчымыя доказы даводзіў ёй, як яна была справядліва, калі раніцою, развітаўшыся з Рудзіным, яна мімаволі ўсклікнула, што ён яе не любіць! Але ад гэтага ей не было лягчэй. Яна сядзела не кратаючыся; ёй здавалася, што нейкія цёмныя хвалі без плеску сымкнуліся над яе галавой, і яна ішла на дно, застываючы і нямеючы. Кожнаму цяжка першае расчараванне; але для душы шчырай, не жадаўшай ашукваць сябе, няздольнай на лёгкадумнасць і пераўвелічэнні, яно амаль невыцерпна. Успамінала Наталья сваё дзяцінства, калі, бывала, гуляючы вечарам, яна заўжды старалася ісці ў кі-