Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У першым парыванні радасці ён паведамляў сястру, што зрабіў прапанову Натальі, атрымаў яе згоду і Дар'і Міхайлаўны, абяцаўся больш напісаць з першай поштай і завочна ўсіх абыймаў і цалаваў. Відаць было, што ён пісаў у нейкім чадзе.

Падалі чай, пасадзілі Басістава. Распыты пасыпаліся на яго градам. Усіх, нават Пігасава, узрадвала вестка, прывезеная ім.

— Скажыце, калі ласка, — сказаў, між іншым, Лежнёў: — да нас даходзілі чуткі пра нейкага пана Карчагіна, Значыць гэта было глупства?

(Карчагін быў прыгожы малады чалавек — свецкі леў, надзвычай ганарысты і важны: трымаўся ён занадта паважна, нібы ён быў не жывы чалавек, а ўласная яго статуя, збудаваная па грамадскай падпісцы).

— Ну, не, не зусім глупства, — з усмешкай адказаў Басістаў: — Дар'я Міхайлаўна была да яго вельмі прыхільная; але Наталья Алексееўна і слухаць пра яго не хацела.

— Ды я-ж яго ведаю, — падхапіў Пігасаў: — ён-жа махровы балван, з трэскам балван... Змілуйцеся! Калі-б усе людзі былі на яго падобны, трэба было-б вялікія грошы браць, каб згадзіцца жыць... Змілуйцеся!

— Можа быць, адказаў Басістаў: — а ў свеце ён іграе не апошнюю ролю.

— Ну, усё адно! — усклікнула Александра Паўлаўна: — бог з ім! Ах, як я рада за брата!.. І Наталья весела, шчасліва?

— Так-с.. Яна спакойная, як заўсёды — вы-ж яе ведаеце, — але, здаецца, задаволена.

Вечар прайшоў у прыемных і жвавых размовах. Селі за вячэру.