Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсё ў Дар'і Міхайлаўны жыве? — дадаў ён, звярнуўшыся да Басістава.

— Як-жа, усё ў яе! Яна дастала яму вельмі выгаднае месца.

Лежнёў усміхнуўся.

— Вось гэты не памрэ ў галечы, за гэта можна ручацца.

Вячэра скончылася. Госці разышліся. Застаўшыся сам на сам з сваім мужам, Александра Паўлаўна з усмешкай паглядзела яму ў твар.

— Які ты слаўны быў сёння, Міша! — праказала яна, песцячы яго рукою па ілбу: — як ты разумна і ўзвышана гаварыў! Але прызнайся, што ты крыху залішне гаварыў на карысць Рудзіна, як раней быў залішне супроць яго...

— Ляжачага не б'юць... а я тады баяўся, як-бы ён табе галаву не замарочыў.

— Не, — простадушна адказала Александра Паўлаўна: — ён мне здаваўся заўсёды залішне вучоным, я баялася яго і не ведала, што гаварыць у яго прысутнасці. Але-ж Пігасаў даволі злосна падсмяяўся з яго сёння, прызнайся?

— Пігасаў? — праказаў Лежнеў. — Я таму менавіта і заступіўся так горача за Рудзіна, што Пігасаў быў тут. Ён асмельваецца называць Рудзіна лізаблюдам! А па-мойму, яго роля, роля Пігасава, у сто разоў горш. Мае значную маёмасць, з усяго кпіць, а ўжо як ліпне да знатных і багатых! Ці ведаеш ты, што гэты Пігасаў, які з такою злосцю ўсё і ўсіх лае, і на філасофію нападае, і на жанчын, — ці ведаеш ты што ён, калі служыў, браў хабары, ды яшчэ як! А! Вось тое яно і ёсць!

— Няўжо? — усклікнула Александра Паўлаўна. — Гэтага я ніяк не чакала!.. Паслухай, Міша, — дадала яна, памаўчаўшы крыху: — што я хачу ў цябе спытаць...