Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што?

— Як ты думаеш? Ці будзе брат шчаслівы з Натальяй?

— Як табе сказаць... магчымасці ўсе ёсць... Камандаваць будзе яна — між намі гэтага хаваць няма чаго — яна разумней за яго; але ён слаўны чалавек і кахае яе ад душы. Чаго-ж болей? Вось-жа, мы адно аднаго кахаем і шчаслівы, ці-ж не праўда?

Александра Паўлаўна ўсміхнулася і сціснула руку Міхайле Міхайлычу.

* * *

У той самы дзень, калі ўсё расказанае намі, адбывалася ў доме Александры Паўлаўны, — у адной з дальніх губерань Расіі цягнулася, у самую спякоту, па вялікім шляху, слабенькая рагожная фурманка, запрэжаная тройкай абыватальскіх коней. На козлах тырчэў, упінаючыся скосу нагамі ў ворчык, сівы мужычок у дзіравай світцы, і час ад часу паторгваў вераўчанымі лейцамі і памахваў пужкай; а ў самай фурманцы сядзеў, на худым чамадане, чалавек высокага росту ў шапцы і старым запыленым плашчы. Гэта быў Рудзін. Ён сядзеў, панурыўшы галаву і насунуўшы казырок шапкі на вочы. Няроўныя штуршкі фурманкі кідалі яго з боку на бок, ён здаваўся зусім непрытомным, нібы драмаў. Нарэшце ён выпрастаўся:

— Калі ж гэта мы да станцыі даедзем? — спытаў ён мужыка, сядзеўшага на казлах.

— А вось, паночку, — загаварыў мужык і яшчэ мацней заторгаў лейцамі: — як на ўзгорачак узбярэмся, вярсты дзве застанецца, не больш... Ну, ты! думай .. Я табе падумаю, — дадаў ён тоненькім голасам, прымаючыся сцебаць правага прыпрэжанага.