Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сваёй думкай. Узбярэцца на яе насілу, як божая кароўка на канец былінкі, і сядзіць, сядзіць на ёй, усё як быццам крыллі распраўляе і паляцець збіраецца — і раптам зваліцца, і зноў палезе... Не здзіўляйся ўсім гэтым параўнанням: яны яшчэ тады накіпелі ў мяне на душы. Так я вось і біўся гады два. Справа пасоўвалася дрэнна, не гледзячы на ўсе мае клопаты. Пачаў я таміцца, прыяцель мой надакучаў мне, я пачаў кпіць з яго, ён душыў мяне, пярына; недаверлівасць яго перайшла ў глухое раздражэнне, непрыязнае пачуццё ахоплівала нас абаіх, мы ўжо не маглі размаўляць ні пра што, ён цішком, але бесперастанку стараўся давесці мне, што болей не знаходзіцца пад маім уплывам, распараджэнні мае або скажаліся, або адмяняліся зусім... Я заўважыў, нарэшце, што знаходжуся ў пана памешчыка ў якасці нахлебніка па галіне разумовых практыкаванняў. Горка мне зрабілася марна траціць час і сілы, горка адчуць, што я зноў і зноў ашукаўся ў сваіх чаканнях. Я ведаў вельмі добра, што я губляў, ад'язджаючы; але я не мог зладзіць з сабою і аднойчы, пасля цяжкай абураючай сцэны, якой я быў сведкай, і якая паказала мне майго прыяцеля ў святле ужо занадта невыгодным, я пасварыўся з ім канчаткова і паехаў, кінуў паныча педанта, злепленага з стэпавай мукі з прымешкай нямецкай патакі...

— Значыць, кінуў надзённы кавалак хлеба, — праказаў Лежнёў і паклаў абедзве рукі на плечы Рудзіну.

— Так, і апынуўся зноў лёгкі і голы ў пустым прасторы. Ляці, куды хочаш... Эх, вып'ем!

— За тваё здароўе, — прамовіў Лежнёў, прыпадняўся і пацалаваў Рудзіна ў лоб. — За тваё здароўе і ва ўспамін Пакорскага... Ён таксама здолеў застацца жабраком.