Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось табе і нумар першых маіх прыгод, — пачаў, пачакаўшы крыху, Рудзін. — Прадоўжваць, ці што?

— Прадоужвай, калі ласка.

— Эх! ды гаварыць-жа не хочацца. Змарыўся я гаварыць, браце... Ну, аднак, так і быць. Паштурхаўшыся яшчэ па розных месцах... дарэчы, я б мог расказаць табе, як я трапіў быў у сакратары да адной добрасумленнай саноўнай асобы, і што з гэтага вышла; але гэта завяло-б нас залішне далёка... Паштурхаўшыся па розных месцах я наважыў зрабіцца, не смейся, калі ласка... дзелавым чалавекам, практычным. Выпадак так быў: я сышоўся з адным... ты, мабыць, чуў пра яго... з адным Курбеевым... не?

— Не, не чуваў. Але, змілуйся, Рудзін, як-жа ты, з сваім розумам, не дагадаўся, што твае прызначэнне не ў тым, каб быць, прабач за каламбур... дзелавым чалавекам?

— Ведаю, брат, што не у тым; але, прынамсі, у чым яно, мае прызначэнне?.. Але калі-б ты бачыў Курбеева! Ты, калі ласка, не выабражай яго сабе якім-небудзь пустым балбатуном. Кажуць, я быў красамоўны калісьці. Я перад ім проста нічога не варты. Гэта быў чалавек надзвычай учоны, ведаючы, галава, творчая, браце, галава ў галіне прамысловасці і прадпрыемстваў гандлёвых. Праекты самыя смелыя, самыя нечаканыя, так і кіпелі ў яго ў галаве. Мы сышліся з ім і хацелі аддаць свае сілы на агульнакарысную справу...

— На якую, дазволь даведацца?

Рудзін апусціў вочы.

— Ты засмяешся.

— Чаму-ж? Не засмяюся.

— Мы задумалі адну рэчку у К...ой губерні зрабіць суднаходнай, — праказаў Рудзін з саромлівай усмешкай.