Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось як! Значыць, гэты Курбееў капіталіст?

— Ён быў бядней за мяне, — адказаў Рудзін, і ціха панікнуў сваёй сівай галавой.

Лежнёў зарагатаў, але раптам спыніўся і ўзяў за руку Рудзіна.

— Прабач, мяне, браце, калі ласка, — загаварыў ён. — але я гэтага ніяк не чакаў. Ну, што-ж, гэта прадпрыемства ваша так і засталося на паперы?

— Не зусім. Пачатак выканання быў. Мы нанялі работнікаў... ну, і прыступілі. Але тут сустрэліся розныя перашкоды. Па-першае, уласнікі млыноў ніяк не хацелі зразумець нас, ды апрача таго мы з вадой без машын саўладаць не маглі, а на машыну не хапіла грошай. Шэсць месяцаў пражылі мы ў зямлянках. Курбееў адным хлебам карміўся, я таксама недаядаў. Хаця, я пра гэта не шкадую: прырода там надзіва. Мы біліся, біліся, угаварвалі купцоў, лісты пісалі, цыркуляры. Скончылася тым, што я апошні грош свой даканаў на гэтым праекце.

— Ну! — разважаў Лежнёў: — я думаю, даканаць твой апошні грош было не жарты.

— Не жарты, сапраўды.

Рудзін зірнуў у акно.

— А праект, далі-бог, быў не дрэнны і мог-бы прынесці аграмадныя выгады.

— Куды ж Курбееў гэты падзеўся? — спытаў Лежнёў.

— Ён? Ён у Сібіры зараз, золатапрамыслоўцам зрабіўся. І ты ўбачыш, ён сабе набудзе капітал, ён не загіне.

— Магчыма; але ты, вось, ужо напэўна капіталу сабе не набудзеш.

— Я? Што зробіш! Аднак, я ведаю: я заўсёды на тваю думку быў пустым чалавекам.

— Ты? Што ты, браце!.. Быў час, сапраўды, калі мне ў вочы кідаліся адны твае недахопы: