Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

скавытаннем, цяжка і злосна стукаючы ў вокны. Надыходзіла доўгая асенняя ноч. Хораша таму, хто ў такія ночы сядзіць пад утулкам дома, у каго ёсць цёплы куток... І памажы божа ўсім беспрытульным вандраўнікам!

__________

У гарачы поўдзень, 26 чэрвеня 1848 года, у Парыжы, калі паўстанне "нацыянальных майстэрняў" было амаль задушана, у адным з цесных завулкаў прадмесця св. Антонія, батальён лінейнага войска браў барыкаду. Некалькі гарматных стрэлаў ужо разбілі яе; яе абаронцы, хто застаўся жывым, яе пакідалі і толькі думалі пра сваё ратаванне, як раптам на самай яе вяршыні, на прадаўленым корабе паваленага амнібуса, з'явіўся высокі чалавек у старым сурдуце, падпяразаным чырвоным шалем, і саламяным капялюшы на сівых раскудлачаных валасах. У адной руцэ ён трымаў чырвоны сцяг, у другой — крывую і тупую шаблю, і крычаў нешта напружаным і тонкім голасам, карабкаючыся ўгару і памахваючы і сцягам і шабляй. Венсенскі стралок прыцэліўся ў яго — стрэліў... Высокі чалавек выпусціў сцяг — і, як мяшок, паваліўся тварам ніцма, нібыта ў ногі некаму пакланіўся... Куля прайшла яму скрозь самае сэрца.

— Tiens! — сказаў адзін з уцякаўшых insurges другому: — on vіent de tuer le Polonais[1].

— Bigre![2] — адказаў той, і абое кінуліся ў сутарэнне дома, у якога ўсе акяніцы былі зачынены і сцены пакрыты слядамі куль і ядраў.

Гэты „Polonaіs“ быў — Дзімітры Рудзін.

  1. Глядзі-ка, паляка забілі (фр.). insurges — паўстанец (фр.).
  2. Чорт пабяры! (фр.).