Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прамармытала Марфа Цімафееўна, і пруткі яшчэ шпарчэй захадзілі ў яе руках.

— Выглядзіць такім ціхоняй, — пачала яна зноў: — галава ўся сівая, а што рот адчыніць, то збрэша, альбо напляткарыць. А яшчэ стацкі советнік! Ну, і не дзіва: паповіч!

— Хто-ж без граха, цётачка? Гэта слабасць у ім ёсць, вядома. Сергей Петровіч выхавання, вядома, не атрымаў, па-французску не гаворыць; але ён, воля ваша, слаўны чалавек.

— Так, ён ручкі ў цябе ўсё ліжа. Па-французску не гаворыць, якая бяда! Я сама не дужа ва французскім „дыялехце“. Лепей-бы ён ні па-якому не гаварыў, не хлусіў-бы. Ды вось ён, да рэчы, лёгкі на ўспамін, — дадала Марфа Цімафееўна, зірнуўшы на вуліцу. — Вось ён сігае, твой слаўны чалавек. Які доўгі, як бацян!

Мар‘я Дзімітраўна паправіла свае валасы. Марфа Цімафееўна з усмешкай паглядзела на яе.

— Што гэта ў цябе, нібы сівы волас, маці мая! Ты пасварыся на сваю Палашку. Што яна глядзіць?

— Ужо вы, цётачка, заўсёды… — прамармытала з прыкрасцю Мар‘я Дзімітраўна і застукала пальцамі па крэслу.

— Сергей Петровіч Гедэонаўскі! — прапішчэў чырвонашчокі казачок, выскачыўшы з-за дзвярэй.

II

Увайшоў чалавек высокага росту ў акуратным сурдуце, кароценькіх нагавіцах, шэрых замшавых пальчатках і двух галыштуках — адным чорным зверху, другім белым знізу. Усё ў ім дыхала далікатнасцю і прыстойнасцю, пачынаючы з гожага твара і гладка прычосаных віскоў да ботаў без абсацаў і без рыпу. Ён пакланіўся спачатку гаспа-