Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дыні дома, потым Марфе Цімафееўне і, павольна сцягнуўшы пальчаткі, падышоў да ручкі Мар‘і Дзімітраўны. Пацалаваўшы яе з пашанай і два разы адразу, ён сеў, не спяшаючыся, у крэсла, і, з усмешкай паціраючы самыя кончыкі пальцаў, праказаў:

— А Елізавета Міхайлаўна здаровы?

— Так, — адказала Мар‘я Дзімітраўна: — яна ў садзе.

— І Елена Міхайлаўна?

— Леначка ў садзе таксама. — Ці няма якой навіны?

— Як не быць-с, як не быць-с, — адказаў госць, павольна міргаючы і выцягваючы губы. — Гм!.. Ды вось, калі ласка, ёсць навіна, і на дзіва: Лаўрэцкі Фёдар Іваныч прыехаў.

— Федзя! — ускрыкнула Марфа Цімафееўна. — Да ты, можа, ці не выдумляеш, пане мой?

— Ніякім чынам-с, я іх самаасабіста бачыў.

— Ну, гэта яшчэ не даводзіны.

— Вельмі паздаравелі, — не пераставаў Гедэонаўскі, зрабіўшы выгляд, нібыта не чуў заўвагі Марфы Цімафееўны: — у плячах яшчэ шырэй сталі і румянец ва ўсю шчаку.

— Паздаравеў, — прамовіла з расстаноўкай Мар‘я Дзімітраўна: — здаецца, з чаго-б яму здаравець?

— Так-с, — адказаў Гедэонаўскі: — іншы, на яго месцы, і ў свет паказацца пасароміўся-б.

— Гэта чаму? — перапыніла Марфа Цімафееўна: — гэта што за глупства? Чалавек звярнуўся на радзіму — куды-ж яму дзецца загадаеце? І хоць бы-ж ён у чым вінаваты быў!

— Муж заўжды вінаваты, васпані, асмелюся вам сказаць, калі жонка нядобра вядзе сябе.

— Гэта ты, мой пане, таму гаворыш, што сам жанаты не быў. — Гедэонаўскі прымушана ўсміхнуўся.