Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мар‘я Дзімітраўна ўстала; Сергей Петровіч таксама ўстаў і пакланіўся. — Елене Міхайлаўне наша шанаванне, — праказаў ён і, адышоўшы ў бок дзеля прыстойнасці, узяўся смаркаць свой доўгі і правільны нос.

— Які ў яго цудоўны конь! — не пераставала дзяўчынка. — Ён зараз быў ля каліткі і сказаў нам з Лізай, што да ганка пад‘едзе.

Пачуўся тупат капытоў і стройны верхавы на прыгожым гнедым кані паказаўся на вуліцы і спыніўся перад адчыненым акном.

III

— Добры дзень, Мар‘я Дзімітраўна! — усклікнуў зычным і прыемным голасам верхавы. — Як вам падабаецца мая новая купля?

Мар‘я Дзімітраўна падышла да акна.

— Добры дзень, Voldemar! Ах, які слаўны конь! У каго вы яго купілі?

— У рэманцёра… Дорага ўзяў, нягоднік.

— Як яго завуць?

— Арланд… Але гэта імя дурное; я хачу змяніць… Eh bien, eh bien, mon garçon[1]… Які неспакойны?

Конь фыркаў, пераступаў нагамі і махаў апененай мордай.

— Леначка, пагладзьце яго, не бойцеся…

Дзяўчынка працягнула з акна руку, але Арланд раптам падняўся на дыбы і кінуўся ў бок. Верхавы не згубіўся, узяў каня ў шанкелі, выцяў яго бізуном па шыі і, не гледзячы на яго супраціўленне, паставіў яго зноў перад акном.

  1. Ну, ну, мой хлопчык… (фр).