Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вясёлы, нішто-с — адказаў Гедэонаўскі шэптам.

— А ці не чулі вы, дзе яго жонка цяпер?

— У апошні час у Парыжы была-с; цяпер, — чуваць, у італьянскую дзяржаву перасялілася.

— Гэта жахліва, проста, — Федзіна становішча; я не ведаю, як ён церпіць. Здараюцца, сапраўды, няшчасці з кожным; але-ж яго, можна сказаць, на ўсю Еўропу распублікавалі.

Гедэонаўскі ўздыхнуў.

— Так-с, так-с. Яна-ж, кажуць, і з артыстамі, і з піяністамі, і як там па-іхняму, з ільвамі ды з звярамі знаёмства вяла. Сорам згубіла зусім…

— Вельмі, вельмі шкада, — праказала Мар‘я Дзімітраўна. — Па-сваяцку; ён-жа мне, Сергей Петровіч, вы ведаеце, унучатны пляменнік.

— Як-жа-с, як-жа-с. Як мне не ведаць-с усяго, што да вашай сям‘і належыць? Што вы-с!

— Прыдзе ён да нас, — як вы думаеце?

— Трэба думаць-с; аднак, яны чуваць, да сябе ў вёску збіраюцца.

Мар‘я Дзімітраўна падняла вочы ў неба.

— Ах, Сергей Петровіч, Сергей Петровіч, як я падумаю, як нам, жанчынам, трэба асцярожна весці сябе!

— Жанчына жанчыне рознь, Мар‘я Дзімітраўна. Ёсць, на жаль, такія — характару нясталага… ну, і гады; зноў-жа правілы не нададзены з маленства. (Сяргей Петровіч дастаў з кішэні клятчатую сінюю хустачку і пачаў яе разгортваць) — Такія жанчыны, вядома бываюць. (Сяргей Пятровіч паднёс куток хустачкі па чарзе да сваіх вачэй.) — Але наогул кажучы, калі разважаць, гэта значыць… пыл ў горадзе незвычайны, — заключыў ён.

— Maman, maman, — ускрыкнула, убягаючы ў пакой прыгожая дзяўчынка год адзінаццаці: — да нас Владзімір Нікалаіч верхам едзе!