Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

роткі час ён набыў славу аднаго з самых абыходлівых і спрытных маладых людзей у Пецербургу. Паншын быў сапраўды вельмі спрытны, — не горш за бацьку; але ён быў таксама вельмі здольны. Да ўсяго ён быў здатны — ён хораша спяваў, жвава маляваў, пісаў вершы, вельмі нядрэнна іграў на сцэне. Яму ўсяго пайшоў дваццаць восьмы год, а ён быў ужо камер‘юнкерам і чын меў досыць выдатны. Паншын цвёрда верыў у сябе, у свой розум, у сваю праніклівасць; ён ішоў уперад смела і весела, поўным махам; жыццё яго плыло, як па-маслу. Ён любіў падабацца ўсім, старому і малому, і выабражаў, што ведае людзей, асабліва жанчын: ён добра ведаў іх звычайныя слабасці. Як чалавек з нахілам да мастацтва, ён адчуваў у сябе і пал, і некаторую захопленасць і ўзнёсласць, і з прычыны гэтага дазваляў сабе розныя адступленні ад правіл: гуляў, знаёміўся з асобамі, не належыўшымі да свету і, наогул, трымаўся вольна і проста; але ў душы ён быў халодны і хітры, і ў часе самай буйнай гулянкі яго разумнае карае вочка ўсё пільнавала і выглядвала; гэты смелы, гэты вольны юнак ніколі не мог забыцца і захапіцца зусім. Да гонару яго трэба сказаць, што ён ніколі не выхваляўся сваімі перамогамі. У дом Мар‘і Дзімітраўны ён папаў зараз-жа пасля прыезду ў О… і неўзабаве асвойтаўся ў ім зусім. Мар‘я Дзімітраўна была да яго вельмі прыхільна.

Паншын ветліва прывітаўся з усімі, хто знаходзіўся ў пакоі, паціснуў руку ў Мар‘і Дзімітраўны і ў Лізаветы Міхайлаўны, злёгку патрапаў Гедэонаўскага па плячы і, завярнуўшыся на абсацах, злавіў Леначку за галаву і пацалаваў яе ў лоб.

— І вы не баіцеся ездзіць на такім ліхім кані? — спытала яго Мар‘я Дзімітраўна.