Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

запальчывая і мсцівая, яна ні ў чым не спускала мужу, які ледзь не змарыў яе і якога яна не перажыла, хаця вечна з ім сварылася. Сын Андрэя, Пётр, Фёдараў дзед, быў непадобны на свайго бацьку: гэта быў просты, стэпавы барын, даволі свавольны, крыкун, грубы, але не благі, гасцінны і псовы паляўнічы. Яму было за трыццаць год, калі ён атрымаў у спадчыну ад бацькі дзве тысячы душ у добрым стане; але ён хутка іх распусціў, — часткова прадаў свой маёнтак, дворню збалаваў. Як тараканы спаўзаліся з усіх бакоў знаёмыя і незнаёмыя дробныя людзі ў яго шырокія, цёплыя і неахайныя пакоі; усё гэта пад‘ядала чым папала, але да-сыта, напівалася да-п‘яна і цягнула вон, што магло, услаўляючы і ўсхваляючы ласкавага гаспадара; і гаспадар, калі быў не ў гуморы, таксама ўсхваляў сваіх гасцей, абзываючы дармаедамі і злыднямі, а без іх нудзіўся. Жонка Пётра Андрэіча была ціхоня; ён узяў яе з суседняй сям‘і па выбару бацькі і наказу; звалі яе Анна Паўлаўна. Яна ні ў вошта не мяшалася, гасцінна прымала гасцей і ахвотна сама выязджала, хаця пудрыцца, па яе словах, было для яе смерцю. Паставяць табе, расказвала яна ў старасці, лямцавы шлык на галаву, валасы ўсе зачэшуць угару, салам вымажуць, мукой пасыплюць, жалезных шпілек наторкаюць, — не адмыешся потым; а ў госці без пудры нельга, — пакрыўдзяцца, — пакута! — Яна любіла катацца на рысаках, у карты гатова была гуляць з раніцы да вечара, і заўжды, бывала, закрывала рукою запісаны на яе капеечны выйгрыш, калі муж падыходзіў да картачнага стала; за ўвесь свой пасаг, усе грошы аддала яму ў безадказнае распараджэнне. Яна прыжыла з ім двух дзяцей: сына Івана, Фёдарава бацьку, і дачку Глафіру. Іван выхоўваўся не дома, а ў багатай, старой