Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цёткі, князёўны Кубенскай: яна прызначыла яго сваім наследнікам (без гэтага бацька яго не адпусціў-бы); адзявала яго як ляльку, наймала яму ўсялякіх настаўнікаў, прыставіла да яго гувернёра, француза, былога аббата, вучня Жан-Жака Руссо, нейкага m-r Courtin de Vaucelles, спрытнага і тонкага шэльму, — самую, як яна выказвалася, fine fleur[1] эміграцыі, — і скончыла тым, што ледзь нe ў семдзесят год вышла замуж за гэтага „финьфлёра“; перавяла на яго імя ўсю сваю маёмасць і неўзабаве потым, нафарбаваная, надушаная амброй à la Richelieu, акружаная арапчонкамі, тонканогімі сабачкамі і крыклівымі папугаямі, памёрла на шоўкавай крывой канапе часоў Людовіка XV, з эмалевай табакеркай работы Пеціто́ ў руках, — і памёрла, пакінутая мужам; ліслівы пан Куртэн палічыў за лепшае выехаць у Парыж з яе грашмі. Івану пайшоў усяго дваццаты год, калі гэты нечаканы ўдар (мы гаворым пра шлюб князёўны, не пра яе смерць) над ім выбухнуў: ён не захацеў застацца ў цёткіным доме, дзе ён з багатага наследніка раптоўна абярнуўся ў нахлебніка; у Пецербургу свет, у якім ён вырас, перад ім зачыніўся; да службы з нізкіх чыноў, цяжкай і цёмнай, ён адчуваў агіду (усё гэта адбывалася ў самым пачатку царавання імператара Александра); — давялося яму, мімаволі, звярнуцца ў вёску, да бацькі. Брудна, бедна, дрэнна здалося яму роднае гняздо: глуш і копаць стэпавага жыцця-быцця на кожным кроку яго абражалі; нуда яго грызла; але і на яго ўсе ў доме, апрача мацеры, непрыхільна глядзелі. Бацьку не падабаліся яго сталічныя звычаі, яго фракі, жабо, кнігі, яго флейта, яго акуратнасць, ў якой нездарма адчувалася яму гід-

  1. Лепшая кветка (фр.).