Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лівасць; ён вельмі часта скардзіўся і бурчэў на сына — „Усё тут не па ім, — гаварыў ён: — за сталом чудачыць, не есць, людскога паху, духаты выносіць не можа, выгляд п‘яных яго расстрайвае, біцца пры ім таксама не смей, служыць не хоча: слабы, бач, здароўем; іш-ты, далікатнік гэтакі! А ўсё таму, што Во́льтэр у галаве сядзіць“. Стары асабліва не любіў Вольтэра, ды яшчэ „ізувера“ Дыдэрота, хаця ні аднаго радка з іх твораў не прачытаў: чытаць было не па яго галіне. Пётр Андрэіч не памыляўся: сапраўды, і Дыдэрот і Вольтэр сядзелі ў галаве яго сына, і не яны адны — і Руссо́, і Рэйналь, і Гельвецый, і шмат іншых, падобных на іх, аўтароў сядзелі ў яго галаве, — але ў адной толькі галаве. Былы настаўнік Івана Петровіча, адстаўны аббат і энцыклапедыст задаволіўся тым, што ўліў цалкам у свайго выхаванца ўсю мудрасць ХVІIІ века, і ён так і хадзіў напоўнены ёю; яна заставалася ў ім, не змяшаўшыся з яго кроўю, не пранікнуўшы ў яго душу, не выявіўшыся моцным пераконаннем… Ды і ці магчыма было патрабаваць пераконанняў ад маладога хлапца 50 год таму назад, калі мы яшчэ і цяпер не дараслі да іх! Наведвальвікам бацькавага дому Іван Петровіч таксама перашкаджаў, ён імі грэбаваў, яны яго баяліся, — а з сястрой Глафірай, якая была на дванаццаць год старэйшая за яго, ён не сышоўся зусім. Гэтая Глафіра была дзіўнае стварэнне: непрыгожая, гарбатая, худая, з шырока-адчыненымі, строгімі вачыма і сціснутым тонкім ротам; яна тварам, голасам, нязграбнымі хуткімі рухамі нагадвала сваю бабку, цыганку, жонку Андрэя. Настойлівая, уладалюбная, яна і слухаць не хацела пра замужаства. Зварачэнне Івана Петровіча ёй было не па душы; покуль князёўна Кубенская трымала яго ў сябе, яна спадзявалася