Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ён не вельмі засмучаўся, што бог дасць, усё будзе добра і бацька зменіць гнеў на міласць; што і ёй іншая нявестка была-б пажаданей, але што відаць богу так было патрэбна, а што яна пасылае Маланні Сергееўне сваё матчына благаславенне. Сухарлявы мужычок узяў рубель, папрасіў дазволу пабачыцца з новай паняй, якой ён даводзіўся кумам, пацалаваў у яе ручку і пабег назад.

А Іван Петровіч адправіўся ў Пецербург з лёгкім сэрцам. Невядомая будучыня яго чакала; беднасць, можа быць, пагражала яму, але ён развітаўся з ненавісным вясковым жыццём, а галоўнае — не выдаў сваіх настаўнікаў, сапраўды „пусціў у ход“ і апраўдаў на справе Руссо, Дыдэрота і la Déclaration des droits de l'homme[1]. Пачуццё выкананага абавязку, перамогі, пачуццё гордасці напаўняла яго душу; ды і разлука з жонкай не вельмі палохала яго; яго-б хутчэй засмуціла неабходнасць заўсёды жыць з жонкаю. Тая справа была зроблена; трэба было ўзяцца за іншыя справы. У Пецербургу, супроць яго ўласных чаканняў, яму пашанцавала: князёўна Кубенская, якую мос‘ё Куртэн паспеў ужо кінуць, але якая не паспела яшчэ памерці, — каб чым-небудзь загладзіць сваю віну перад пляменнікам, адрэкамендавала яго ўсім сваім прыяцелям і падарыла яму 5000 рублёў — амаль ці не апошнія свае грошы — ды лепікаўскі гадзіннік з яго вензелем у гірляндзе амураў. Не прайшло тры месяцы, як ужо ён атрымаў месца пры рускай місіі ў Лондане і з першым адыходзячым англійскім караблём (параходаў тады яшчэ і ў паміне не было) паплыў за мора. Праз некалькі месяцаў атрымаў ён ліст ад Пестова. Добры памешчык

  1. Дэкларацыя праў чалавека (фр.).