Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

віншаваў Івана Петровіча з нараджэннем сына, які з‘явіўся на свет у сяле Пакроўскім 20 жніўня 1807 г. і быў назван Фёдарам у гонар святога мучаніка Фёдара Стратылата. З прычыны вялікай слабасці Малання Сергееўна прыпісвала толькі некалькі радкоў; але і гэтыя нямногія радкі здзівілі Івана Петровіча: ён не ведаў, што Марфа Цімафееўна навучыла яго жонку грамаце. Аднак, Іван Петровіч не доўга аддаваўся салодкаму хваляванню бацькаўскіх пачуццяў; ён захапляўся адной з вядомых тагачасных Фрын альбо Лаіс (класічныя назвы яшчэ працвяталі ў той час); Тыльзіцкі мір быў толькі што заключан, і ўсё спяшалася радавацца, усё круцілася ў нейкім шалёным віхуры, чорныя вочы жвавай красуні замарочылі і яго галаву. Грошай у яго было вельмі мала; але ён шчасліва гуляў у карты, заводзіў знаёмствы, удзельнічаў ва ўсіх магчымых забавах, словам — плыў на ўсіх парусах.

IX

Стары Лаўрэцкі доўга не мог дараваць сыну яго шлюб; калі-б, спусціўшы паўгода, Іван Петровіч з‘явіўся да яго з павіннай галавой і кінуўся яму ў ногі, ён-бы, мабыць, змілаваўся над ім, вылаяўшы яго спачатку харашэнька і пастукаўшы па ім для страху качарэжкай; але Іван Петровіч жыў за граніцай і, відаць, і ў вус сабе не дуў. — „Маўчы! не смей!“, паўтараў Пётр Андрэіч кожны раз жонцы, як толькі тая спрабавала схіліць яго на міласць; „яму, шчанку, трэба вечна за мяне бога маліць, што я кляцьбы на яго не паклаў; нябошчык бацька ўласнымі рукамі забіў-бы яго нягодніка, і добра-б зрабіў“. Анна Паўлаўна пры такіх страшных размовах толькі хрысцілася ціш-