Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ды звыш таго вельмі добра саліла гуркі. У кампаніі гэтай настаўніцы, цёткі, ды старой дваровай дзяўчыны Васільеўны, правёў Федзя цэлых чатыры гады. Бывала, сядзіць ён у куточку з сваімі „Эмблемамі“ — сядзіць… сядзіць; у нізкім пакоі пахне гераніяй, цмяна гарыць адна сальная свечка, цвіркун цвірчыць аднастайна, нібы нудзіцца, маленькі насценны гадзіннік спешна цікае на сцяне, мыш цішком драпаецца і грызе за шпалерамі а тры старыя дзяўчыны, быццам Паркі, моўчкі і шпарка шаволяць спруткамі, цені ад рук іх і бегаюць, і дзіўна дрыжаць у поўзмроку, і дзіўныя, таксама поўзмрочныя думкі капошацца ў галаве дзіцяці. Ніхто-б не назваў Федзю цікавым дзіцём: ён быў даволі бледны, але тоўсты, нязграбнага складу і непаваротны, — сапраўдны мужык, па выразу Глафіры Петроўны; бледнасць хутка знікла-б з яго твара, калі-б яго часцей выпускалі на паветра. Вучыўся ён добра, хаця часта ленаваўся; ён ніколі не плакаў; але часамі нахадзіла на яго дзікая ўпартасць, тады ўжо ніхто не мог з ім паладзіць. Федзя не любіў нікога з акаляўшых яго… Гора сэрцу, не любіўшаму змоладу!

Такім і знайшоў яго Іван Петровіч і, не трацячы часу, узяўся дастасоўваць да яго сваю сістэму. — „Я з яго хачу зрабіць чалавека перш за ўсё, un homme[1], — сказаў ён Глафіры Петроўне: — і не толькі чалавека, але спартанца“. Выкананне свайго намеру Іван Петровіч пачаў з таго, што адзеў сына па-шатландску: дванаццацігадовы хлапчук пачаў хадзіць з голымі ікрамі і з петушыным пяром на складным картузе; шведку замяніў малады швейцарац, вывучыўшы гімнастыку дасканала; музыку, як заняткі, нявартыя мужчыны, выгналі

  1. Чалавека (фр.).