Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

год пяцьдзесят пяць, у белым чэпчыку і карычневай кургузай камізэльцы на цёмнай сукенцы, Настассі Карпаўны Агаркавай. Шурачка была мяшчаначка, круглая сірата. Марфа Цімафееўна ўзяла яе сабе, злітаваўшыся над ёю, як і над Роскай: і сабачку, і дзяўчынку яна знайшла на вуліцы; абое былі худыя і галодныя, абоіх мачыў асенні дождж; за Роскай ніхто не пагнаўся, а Шурачку нават ахвотна аддаў Марфе Цімафееўне яе дзядзька, п‘яны шавец, які сам недаядаў і пляменніцу не карміў, а біў па галаве капылом. З Настассяй Карпаўнай Марфа Цімафееўна пазнаёмілася на набажэнстве, у манастыру; сама падышла да яе ў царкве (яна спадабалася Марфе Цімафееўне за тое, што, па яе словах, вельмі смачна малілася), сама з ёю загаварыла і запрасіла яе да сябе на чашку чаю. З таго дня яна ўжо не разлучалася з ёю. Настасся Карпаўна была жанчына самага вясёлага і ціхага характару, удава бяздзетная, з бедных дваранак, галаву мела круглую, сівую, мяккія белыя рукі, мяккі твар з буйнымі, добрымі рысамі і некалькі смешным, кірпатым носам; яна схілялася перад Марфай Цімафееўнай, і тая яе вельмі любіла, хаця падсмейвалася з яе нежнага сэрца: яна адчувала замілаванне да ўсіх маладых людзей і мімаволі чырванела, як дзяўчынка, з самага нявіннага жарту. Увесь яе капіталец складаўся з 1 200 рублёў асігнацыямі; яна жыла за кошт Марфы Цімафееўны, на ўроўне з ёй: Марфа Цімафееўна не сцярпела-б дагадлівасці.

— А! Федзя! — пачала яна, як толькі ўбачыла яго: — учора ўвечары ты не бачыў маёй сям‘і: падзівіся. Мы ўсе на чай сышліся; гэта ў нас другі, святочны чай. Усіх пагладзіць можаш: толькі Шурачка не дасца, а кот абдрапае. Ты сёння едзеш?

— Сёння, — Лаўрэцкі прысеў на нізкае крэсліца. —