Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Стары моўчкі пакланіўся і пабег за ключамі. Покуль ён бегаў, фурман сядзеў нерухома, збочыўшыся і пазіраючы на зачыненыя дзверы; а лёкай Лаўрэцкага, як саскочыў, так і застаўся ў маляўнічай позе, закінуўшы адну руку на козлы. Стары прынёс ключы і, без усякай патрэбы выгінаючыся, як змяя, высока падымаючы локці, адчыніў дзверы, саступіў з дарогі і зноў пакланіўся ў пояс.

„Вось я і дома, вось я і звярнуўся“, — падумаў Лаўрэцкі, уваходзячы ў малюсенькую прыхожую, тым часам, як акяніцы з стукатам і віскам адчыняліся адна за адною і днеўны свет пранікаў у апусцелыя пакоі.

XIX

Невялікі домік, куды прыехаў Лаўрэцкі і дзе два гады таму назад памерла Глафіра Петроўна, быў пабудаваны ў мінулым стагоддзі, з моцнага сасновага лесу; ён на выгляд здаваўся хілым, але мог прастаяць яшчэ год пяцьдзесят ці больш. Лаўрэцкі абышоў усе пакоі і, на вялікі спалох старых, вялых мух з белым пылам на спіне, нерухома сядзеўшых пад столлю, загадаў усюды адчыніць вокны: ад самай смерці Глафіры Петроўны ніхто не адчыняў іх. Усё ў доме засталося, як было: тонканогія, белыя канапчыкі ў гасцінай, абітыя глянцавым шэрым штофам, працёртыя і прадаўленыя, жыва нагадвалі Кацярынінскія часы; у гасцінай-жа стаяла любімае крэсла гаспадыні, з высокай і простай спінкай, да якой яна і ў старасці не прысланялася. На галоўнай сцяне вісеў старасвецкі партрэт Фёдарава прадзеда, Андрэя Лаўрэцкага, цёмны, зласлівы твар, ледзь выяўляўся на счарнелым і пакарабачаным фоне, невялікія злыя вочы хмура глядзелі з-пад навіслых, нібы апух-