Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/253

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

калі ласка, да гэтай раны; рукі ў вас кволыя, а ўсё-ж такі мне будзе балець.

— Я ведаю, — не пераставала Ліза, — нібы недачуўшы яго: — яна перад вамі вінавата, я не хачу яе апраўдваць; але як-жа можна разлучаць тое, што бог злучыў?

— Нашы пераконанні наконт гэтага вельмі розныя, Лізавета Міхайлаўна, — праказаў Лаўрэцкі даволі рэзка: — мы не зразумеем адно аднаго.

Ліза збляднела; усё цела яе злёгку затрапятала, але яна не змоўчала.

— Вы павінны дараваць, — праказала яна ціха: — калі хочаце, каб і вам даравалі.

— Дараваць! — падхапіў Лаўрэцкі. — Вы-б раней павінны былі даведацца, за каго вы просіце? Дараваць гэтай жанчыне, прыняць яе зноў у свой дом, яе, гэтае пустое, бессардэчнае стварэнне! І хто вам сказаў, што яна хоча звярнуцца да мяне? Змілуйцеся, яна зусім задаволена сваім становішчам… Ды што тут яшчэ разважаць! Імя яе вы не павінны нават вымаўляць. Вы вельмі чыстыя, вы не ў сілах нават зразумець такое стварэнне.

— Навошта абражаць? — насілу праказала Ліза. Дрыжанне яе рук рабілася прыкметным. — Вы самі яе пакінулі, Фёдар Іваныч.

— Але-ж я вам кажу, — адказаў з мімавольным выбухам нецярплівасці Лаўрэцкі: — вы не ведаеце, якое гэта стварэнне!

— Так чаму-ж вы ажаніліся з ёй? — прашаптала Ліза і ўтупіла вочы.

Лаўрэцкі хутка падняўся з крэсла.

— Чаму я жаніўся? Я быў тады малады і наіўны; я ашукаўся, я захапіўся прыгожай знешчасцю. Я не ведаў жанчын, я нічога не ведаў.