што значыць чыстая жаночая душа, і маё мінулае яшчэ больш ад мяне аддалілася…
Ліза збянтэжылася і ціха пайшла ў кветнік да Леначкі і Шурачкі.
— А я задаволен тым, што паказаў вам гэты журнал, — гаварыў Лаўрэцкі, ідучы за ёю следам: — я ўжо прызвычаіўся нічога не хаваць ад вас, і спадзяюся, што і вы заплаціце мне такім-жа давер‘ем.
— Вы думаеце? — праказала Ліза і спынілася. — У такім выпадку я павінна была-б… ды не! Гэта немагчыма.
— Што такое? Гаварыце, гаварыце.
— Сапраўды, мне здаецца, я не павінна… Але, прынамсі, — дадала Ліза і з усмешкай звярнулася да Лаўрэцкага: — што за адкрытасць на-палову? — Ведаеце? я атрымала сёння ліст.
— Ад Паншына?
— Так, ад яго… Скуль вы ведаеце?
— Ён прасіць вашай рукі?
— Так, — прамовіла Ліза, і проста і сур‘ёзна паглядзела Лаўрэцкаму ў вочы.
Лаўрэцкі ў сваю чаргу сур‘ёзна паглядзеў на Лізу.
— Ну, і што-ж вы яму адказалі? — праказаў ён нарэшце.
— Я не ведаю, што адказаць, — адказала Ліза і апусціла сашчэпленыя рукі.
— Як? Вы-ж яго любіце?
— Так, ён мне падабаецца; ён здаецца, харошы чалавек.
— Вы тое-ж самае і ў тых-жа самых словах сказалі мне чацвертага дня. Я жадаю ведаць, ці кахаеце вы яго тым моцным, палкім пачуццём, якое мы звычайна называем каханнем?
— Як вы разумееце, — не.