Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/290

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яна таксама пацалавала вялікую, чырвоную руку свяшчэнніка. Мар‘я Дзімітраўна запрасіла яго адведаць чаю; ён зняў эпітрахіль, зрабіў крыху свецкі выгляд і разам з дамамі перайшоў у гасціную. Пачалася гутарка, не вельмі жвавая. Свяшчэннік выпіў чатыры чашкі, бесперастанку выціраючы хусткай сваю лысіну, расказаў, між іншым, што купец Авошнікаў ахвяраваў семсот рублёў на пазалоту царкоўнага „кумпала“, і паведаміў верны сродак супроць вяснушак. Лаўрэцкі падсеў-быў да Лізы, але яна трымалася строга, амаль сурова, і ні разу не зірнула на яго. Яна нібы знарок яго не прыкмячала; нейкая халодная, важная захопленасць нашла на яе. Лаўрэцкаму чамусьці ўсё хацелася ўсміхнуцца і сказаць што-небудзь забаўнае; але на сэрцы ў яго было замяшанне, і ён вышаў, нарэшце, у глыбіні душы недаўразумяваючы… Ён адчуваў: нешта было ў Лізе, куды ён пранікнуць не мог.

Другім разам Лаўрэцкі, седзячы ў гасцінай і слухаючы ціхія, але цяжкія раздабарыванні Гедэонаўскага, раптам, сам не ведаючы, чаму, абярнуўся і злавіў глыбокі, уважлівы, запытальны погляд у вачах Лізы… Ён быў накіраваны на яго, гэты загадачны погляд. Лаўрэцкі цэлую ноч потым пра яго думаў. Ён любіў не як хлапчук, не да твару яму было ўздыхаць і таміцца, ды і сама Ліза не такое пачуццё ўзбуджала; ды каханне на кожны ўзрост мае свае пакуты, — і ён цалкам іх выпрабаваў.

ХХХIII

Аднойчы Лаўрэцкі, па звычаю свайму, сядзеў у Каліціных. Пасля млосна-спякотнага дня надышоў такі прыгожы вечар, што Мар‘я Дзімітраўна, не гледзячы на сваю агіду да скразнога ветру,