Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/292

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прысланіўшыся да акна; Лаўрэцкі маўчаў таксама; Марфа Цімафееўна, гуляўшая ў куточку ў карты з сваёй прыяцельніцай, мармытала сабе нешта пад нос. Паншын расхаджваў па пакоі і гаварыў прыгожа, але з захаванай злосцю: здавалася, ён сварыўся не на цэлае пакаленне, а на некалькіх вядомых яму людзей. У садзе Каліціных, у вялікім кусце бэзу жыў салавей; яго першыя вячэрнія гукі чуліся ў перапынках красамоўнай прамовы, першыя зоркі запаліліся на ружовым небе, над нерухомымі верхавінамі ліп. Лаўрэцкі падняўся і пачаў спрачацца з Паншыным; завязаліся спрэчкі. Лаўрэцкі адстойваў маладосць і самастойнасць Расіі; аддаваў сябе, сваё пакаленне на ахвяру, — але заступаўся за новых людзей, за іх пераконанні і жаданні; Паншын не згаджаўся раздражліва і рэзка, абвясціў, што разумныя людзі павінны ўсё перарабіць, і занёсся, нарэшце, да таго, што, забыўшыся на сваю годнасць камер-юнкера і чыноўніцкую кар‘еру, назваў Лаўрэцкага адсталым кансерватарам, нават намякнуў, — праўда, вельмі здалёку, — на яго фальшывае становішча ў грамадстве. Лаўрэцкі не раззлаваўся, не ўзвысіў голаса (ён успомніў, што Міхалевіч таксама называў яго адсталым, — толькі вальтэр‘янцам) — спакойна разбіў Паншына па ўсіх пунктах. Ён давёў яму немагчымасць скачкоў і надутых пераробак з вышыні чыноўніцкай самасвядомасці — пераробак, не апраўданых ні веданнем роднай зямлі, ні сапраўднай верай у ідэал, хаця-бы адмоўны; прывёў у прыклад сваё ўласнае выхаванне, патрабаваў перш за ўсё прызнання народнай праўды і пакорлівасці перад ёю, — той пакорлівасці, без якой і смеласць супроць няпраўды немагчыма; не адхіліўся, нарэшце, ад заслужанага, на яго погляд, дакору ў лёгкадумнай растраце часу і сіл.