Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/296

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

даўшага ад густога арэхавага куста, і доўга стаяў нерухома, здзіўляючыся і паціскаючы плячыма.

„Гэта нездарма“, падумаў ён.

Усё было ціха вакол, з боку дома не чулася ніякага гуку. Ён асцярожна пайшоў уперад. Вось, на звароце прысады, увесь дом раптам зірнуў на яго сваім цёмным фасам; у двух толькі вокнах наверсе мільгаў свет: у Лізы гарэла свечка за белай фіранкай, ды ў Марфы Цімафееўны ў спальні перад вобразам цяплілася чырвоным аганьком лампадка, адлюстроўваючыся роўным бляскам на золаце рамы; унізе дзверы на балконе шырока зеўрылі, адчыненыя насцеж. Лаўрэцкі сеў на драўняную лавачку, падпёрся рукой і пачаў глядзець на гэтыя дзверы ды на акно Лізы. У горадзе прабіла поўнач; у доме маленькі гадзіннічак тонка празвінеў дванаццаць, вартаўнік дробна пастукаў па дошцы. Лаўрэцкі нічога не думаў, нічога не чакаў; яму прыемна было адчуваць сябе блізка каля Лізы, сядзець у яе садзе на лавачцы, дзе і яна сядзела не аднойчы… Свет знік у Лізіным пакоі. „Спакойнай ночы, мая любая дзяўчынка“, прашаптаў Лаўрэцкі, прадоўжваючы сядзець нерухома і не адводзячы ўзроку з пацямнелага акна.

Раптам свет з‘явіўся ў адным з вокнаў ніжняга паверха, перайшоў у другое, у трэцяе… Нехта ішоў з свечкай па пакоях. „Няўжо Ліза? Не можа быць?..“ Лаўрэцкі прыпадняўся… Мільгнула знаёмае аблічча, і ў гасцінай з‘явілася Ліза. У белым адзенні, з нерасплеценымі косамі па плячах, яна ціхенька падышла да стала, нагнулася над ім, паставіла свечку і штосьці пашукала, потым звярнуўшыся тварам да саду, яна наблізілася да адчыненых дзвярэй, і ўся белая, лёгкая, стройная, застанавілася на парогу. Трапятанне прабегла па членах Лаўрэцкага.