Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/297

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ліза! — сарвалася ледзь чутна з яго губ.

Яна здрыгнулася і пачала ўглядацца ў змрок.

— Ліза! — паўтарыў Лаўрэцкі гучней і вышаў з ценю прысады.

Ліза з спалохам выцягнула галаву і пахіснулася назад: яна пазнала яго. Ён назваў яе ў трэці раз і працягнуў да яе рукі. Яна аддзялілася ад дзвярэй і ўступіла ў сад.

— Вы? — прагаварыла яна. — Вы тут?

— Я… я… выслухайце мяне, — прашаптаў Лаўрэцкі і, схапіўшы яе за руку, павёў да лавачкі.

Яна ішла за ім без супраціўлення, яе бледны твар, нерухомыя вочы, усе яе рухі выяўлялі нясказанае здзіўленне. Лаўрэцкі пасадзіў яе на лавачку і сам стаў перад ёй…

— Я не думаў прыйсці сюды, — пачаў ён: — мяне прывяло… Я… я… я кахаю вас, — прамовіў ён з мімавольным жахам.

Ліза павольна зірнула на яго; здавалася, яна толькі ў гэты момант зразумела, дзе яна і што з ёю. Яна хацела падняцца, не магла і закрыла твар рукамі.

— Ліза, — прамовіў Лаўрэцкі: — Ліза, — паўтарыў ён і схіліўся да яе ног…

Яе плечы пачалі злёгку дрыжэць, пальцы бледных рук мацней прыгарнуліся да твара.

— Што з вамі? — прамовіў Лаўрэцкі і пачуў ціхае рыданне. Сэрца яго захаланула… Ён зразумеў, што азначалі гэтыя слёзы.

— Няўжо вы мяне кахаеце? — прашаптаў ён і крануўся яе каленей.

— Устаньце, — пачуўся яе голас: — устаньце, Фёдар Іваныч. Што мы гэта робім з вамі?

Ён устаў і сеў побач з ёю на лавачку. Яна ўжо не плакала і ўважліва глядзела на яго сваімі вільготнымі вачыма.