Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/298

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мне страшна; што гэта мы робім? — паўтарыла яна.

— Я вас кахаю, — прагаварыў ён зноў: — я гатоў аддаць вам усё жыццё маё.

Яна зноў здрыгнулася, нібы яе штосьці ўжаліла, і падняла вочы ў неба.

— Гэта ўсё ў руках бога, — прамовіла яна.

— Але вы мяне кахаеце, Ліза? Мы будзем шчаслівы?

Яна апусціла вочы; ён ціха прытуліў яе да сябе, і галава яе ўпала да яго на плячо… Ён адхіліў крыху сваю галаву і крануўся яе бледных губ.

∗     ∗

Праз поўгадзіны, Лаўрэцкі ўжо стаяў перад каліткай саду. Ён знайшоў яе зачыненай і вымушан быў пераскочыць цераз плот. Ён звярнуўся ў горад і пайшоў па заснуўшых вуліцах. Пачуццё нечаканай, вялікай радасці напаўняла яго душу; усе сумненні ў ім замерлі. „Знікні, мінулае, цёмны прывід, — думаў ён: — яна мяне кахае, яна будзе мая“. Раптам яму здалося, што ў паветры, над яго галавою, разліліся нейкія дзіўныя, пераможныя гукі; ён застанавіўся: гукі загрымелі яшчэ надзвычайней, напеўным, моцным патокам струменіліся яны, — і ў іх, здавалася, гаварыла і спявала ўсё яго шчасце. Ён азірнуўся: гукі несліся з двух верхніх вокнаў невялікага дома.

— Лем! — усклікнуў Лаўрэцкі: і пабег да дома. — Лем! Лем! — паўтарыў ён гучна.

Гукі замерлі, і постаць старога ў шляфроку, з расхрыстанымі грудзьмі і раскудлачанымі валасамі, з‘явілася ў акне.

— Ага! — прагаварыў ён з гонарам: — гэта вы?

— Хрыстафор Фёдарыч, што гэта за цудоўная музыка; на ўсё святое, упусціце мяне.