Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/322

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Казачок паведаміў аб прыходзе Гедэонаўскага. Стары балбатун увайшоў, адважваючы паклоны і ўхмыляючыся. Мар‘я Дзімітраўна адрэкамендавала яго сваёй госці. Ён спачатку быў засароміўся, але Варвара Паўлаўна так какетліва-уважліва абышлася з ім, што ў яго вушкі распаліліся, і выдумкі, плёткі, ласкавасці мёдам паплылі з яго вуснаў. Варвара Паўлаўна слухала яго, стрымана ўсміхалася і сама пакрыху разгаварылася. Яна скромна расказвала пра Парыж, пра свае вандраванні, пра Бадэн; разы два развесяліла Мар‘ю Дзімітраўну і кожны раз потым злёгку ўздыхала і нібыта ў думках дакарала сябе ў недарэчнай весялосці; выпрасіла дазвалення прывесці Аду; зняўшы пальчаткі, паказвала сваімі гладкімі, вымытымі мылам à la guimauve[1] рукамі, — як і дзе носяць валаны, рушы, анталяжы, шу; абяцалася прынесці флакон з новымі англійскімі духамі: Victoria‘s Essence[2], і ўзрадвалася, як дзіця, калі Мар‘я Дзімітраўна згадзілася прыняць яго ў падарунак; крыху паплакала пры ўспаміне аб тым, якое пачуццё яна перажыла, калі ўпершыню пачула рускія званы; „так глыбока ўдарылі яны мяне ў самае сэрца“, — праказала яна.

У гэты момант увайшла Ліза.

Ад раніцы, ад самай той мінуты, калі яна, уся пахаладзеўшая ад жаху, прачытала запіску Лаўрэцкага, Ліза рыхтавалася да сустрэчы з яго жонкаю; яна прадчувала, што ўбачыць яе. Яна наважылася не ўнікаць яе, у пакаранне сваім, як яна называла іх, злачынным надзеям. Раптоўны злом у яе долі ўзрушыў яе да аснавання; за дзве якія-небудзь гадзіны яе твар пахудаў; але яна

  1. Алфейным (фр.).
  2. „Духі каралевы Вікторыі“ (фр.).