Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/324

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рамогу, смяецца з яе. На яе шчасце, Гедэонаўскі загаварыў з Варварай Паўлаўнай і адцягнуў яе ўвагу. Ліза схілілася над пяльцамі і цішком назірала за ёю. „Гэту жанчыну, — думала яна: — кахаў ён“. Але яна зараз-жа прагнала з галавы самую думку аб Лаўрэцкім: яна баялася згубіць уладу над сабой; яна адчувала, што галава ў яе ціха кружылася. Мар‘я Дзімітраўна загаварыла пра музыку.

— Я чула, мая любая, — пачала яна: — вы віртуозка на-дзіва.

— Я даўно не іграла, — адказала Варвара Паўлаўна, зараз-жа сядаючы за фартэп‘яна, і жвава прабегла пальцамі па клавішах. — Загадаеце?

— Зрабіце ласку.

Варвара Паўлаўна па-майстэрску сыграла бліскучы і цяжкі эцюд Герца. У яе было вельмі многа сілы і спрытнасці.

— Сільфіда! — усклікнуў Гедэонаўскі.

— Незвычайна! — сцвердзіла Мар‘я Дзімітраўна. — Ну, Варвара Паўлаўна, прызнаюся, — прамовіла яна, у першы раз называючы яе па імю: — здзівілі вы мяне; вам хоць-бы канцэрты даваць. Тут у нас ёсць музыкант, стары, з немцаў, дзівак, вельмі вучоны; ён Лізе лекцыі дае; той проста ад вас розум згубіць.

— Лізавета Міхайлаўна таксама музыкантша? — запытала Варвара Паўлаўна, злёгку звярнуўшы да яе галаву.

— Так, яна іграе не дрэнна і любіць музыку; але што гэта значыць перад вамі? Але тут ёсць яшчэ адзін малады чалавек; вось з кім вы павінны пазнаёміцца. Гэта артыст у душы і складае музыку слаўна. Ён толькі адзін можа вас цалкам ацаніць.