Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/361

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго жонкі, шаснаццацігадовая інстытутка з ружовымі шчокамі і яснымі вочкамі; Шурачка, таксама вырасшая і папрыгажэўшая — вось якая моладзь агалашала смехам і гоманам сцены Каліцінскага дома. Усё ў ім змянілася, усё стала пад-лад новым насельнікам. Безбародыя, дваровыя хлопцы, зубаскалы і забаўнікі змянілі ранейшых станавітых старых, там, дзе некалі важна расхаджвала растаўсцеўшая Роска, два лягавыя сабакі шалёна вазіліся і скакалі па канапах, на стайні завяліся хударлявыя інаходцы, зухаватыя каранныя, зацятыя прыпрэжныя з плеценымі грывамі, данскія верхавыя коні; гадзіны снедання, абеда, вячэры пераблыталіся і змяшаліся; пайшлі, як гаварылі суседзі, „парадкі небывалыя“.

У той вечар, аб якім зайшла ў нас размова, насельнікі Каліцінскага дома (старэйшаму з іх, жаніху Леначкі, было ўсяго дваццаць чатыры гады) займаліся нескладанай, але, мяркуючы па іх дружнаму рагатанню, вельмі для іх забаўнай гульнёй: яны бегалі па пакоях і лавілі адзін аднаго; сабакі таксама бегалі і брахалі, і вісеўшыя ў клетках перад вокнамі канарэйкі навыперадкі дзёрлі горла, узмацняючы ўсеагульны гармідар звонкім лёскатам свайго шалёнага шчабятання. У самы разгар гэтай аглушлівай забавы да варотаў пад‘ехаў забруджаны тарантас, і чалавек год сорак пяць, у дарожным адзенні, вылез з яго і спыніўся ў здзіўленні. Ён пастаяў некаторы час нерухома, акінуў дом уважлівым поглядам, увайшоў праз калітку на двор і павольна ўзышоў на ганак. У прыхожай ніхто яго не сустрэў; але дзверы залы хутка адчыніліся; — з іх, уся расчырванеўшыся, выскачыла Шурачка — і раптам, услед за ёй з звонкім крыкам выбегла ўся маладая кампанія. Яна раптам застанавілася і сціхла, уба-